Сайт о Городе и для Города

Выстаўка "Свет жаночага майстэрства"

Просмотров: 1127
Афиша

Автор: tkach.polotsk.museum.by 


З 22 лютага ў музеі пачынае працаваць новая выстаўка “Свет жаночага майстэрства”, прымеркаваная да Міжнароднага жаночага дня.

На выстаўцы можна пазнаёміцца адразу з некалькімі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у якіх працуюць цудоўныя майстры-жанчыны полацкай зямлі: саломапляценне, аплікацыя з саломкі, вышыўка.

Мастацкія вырабы, што прадстаўлены на выстаўцы, зроблены майстрамі і мастакамі Народнага клуба “Майстар”, майстрам Шайтар Л.М. і Апанасік Л.М. ДУК “Полацкі раённы цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур”.

Клуб “Майстар” створаны ў 1994 годзе. Зараз ён уяўляе сабой калектыў людзей розных прафесій i нацыянальнасцяў, аб’яднаных інтарэсам да традыцыйнай народнай i дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Кіраўніком клуба з’яўляецца Карандзей Іна Пятроўна. Геаграфія месцазнаходжання майстроў клуба ахоплівае ўсе куткі Полацкага раёна – гэта вёскі Мацюшы, Новыя Гараны, Кушлікі, Ветрына, Фарынава, Багатырская... Узрост удзельнікаў таксама разнастайны: ад 27 да 75 гадоў. За свае творчыя дасягненні ў 1997 годзе клубу нададзена ганаровае званне “народны”, якое ён неаднаразова падцвярджаў.

Народны клуб “Майстар” выконвае культурна-асветніцкія, навукова-даследчыя, кансультатыўна-метадычныя функцыі, яго дзейнасць скіравана на захаванне, развіццё і аднаўленне нацыянальных традыцый у народных рамёствах.

Клуб арганізоўвае i прымае ўдзел у выставах, выставах-продажах, святах. Штогод ён удзельнічае ў Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, дзе праходзяць конкурсы майстроў.

Важным момантам дзейнасці клуба з’яўляецца эстэтычнае выхаванне дзяцей, моладзі, дарослых на аснове лепшых традыцый народнай творчасці. Умельцы клуба праводзяць творчыя сустрэчы з дзецьмі i моладдзю, майстар-класы.

Клуб “Майстар” – гэта калектыў сяброў i аднадумцаў, з якімі прыемна працаваць, збірацца разам, праводзіць творчыя сустрэчы, дзяліцца творчымі знаходкамі i планамі.

Сябрам Народнага клуба “Майстар” з’яўляецца Шайтар Людміла Міхайлаўна. Яна з 2003 года пачала займацца саломапляценем у ДУК “Полацкі раённы цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур” пад кіраўніцтвам Каранькоўскай Таццяны Уладзіміраўны.

Праз некаторы час сама пачала навучаць дзяцей майстэрству саломапляцення, працуючы ў Ветранскім Доме творчасці і Быхаўскім доме-інтэрнаце.Людміла Міхайлаўна валодае ўсімі традыцыйнымі відамі пляцення, тэхнікай аплікацыі, выкарыстоўвая саломку натуральнага колеру.

У роднай Шпакоўшчыне Шайтар Л.М. ганарацца, як сапраўдным майстрам “залатой саломкі”, а яе вырабы ведаюць не толькі ў раёне і горадзе, але і ва шматлікіх гарадах Беларусі, Расіі, Польшчы, Італіі.

Цудоўным майстрам клуба таксама з’яўляецца Людміла Мікалаеўна Апанасік. Яшчэ ў малодшым школьным узросце Людміла Мікалаеўна захапілася вязаннем і вышыўкай. Аднак сур’ёзна рукадзеллем пачала займацца толькі ў 37 гадоў, калі працавала загадчыцай сельскім Домам культуры ў в. Карпеко, дзе арганізавала два гуртка па навучанню дзяцей і дарослых вышыўцы і вязанню. Там жа яна стварыла своеасаблівую творчую лабараторыю: хадзіла па дамах, вывучала старадаўнія вышыўкі і карункі, збірала даматканыя ручнікі, рэканструявала страчаныя элементы, а таксама па іх узорах стала сама вышываць ручнікі і вязаць карункі.

Людміла Мікалаеўна – закаханы ў сваю справу майстар, праз творчасць яна далучае людзей да беларускай культуры і беларускіх традыцый.

Яндекс.Метрика