Автор: © Ірына Сакалоўская, фота аўтара і з архіва Андрэя Бухавецкага
Некалькі месяцаў таму ў шматлікіх цэнтральных беларускіх СМІ прайшла інфармацыя як руйнуюцца рэшткі Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра падчас пракладкі газаправода.
Сочачы за гэтым бязладдзем па сродках масавай інфармацыі, але не маючы магчымасці знаходзіцца ў Полацку, майму абурэнню на такія паводзіны землякоў не было мяжы. Тым больш на сваёй скуры і нервах ведаю, што значыць змагацца за які-ніякі стан рэшткаў нацыянальнай каштоўнасці (археалогіі, архітэктуры) за невялікі перыяд працы на пасадзе навуковага супрацоўніка па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аднаго з раённых музеяў.
На днях з вядомым полацкім краязнаўцам Андрэем Бухавецкім наведала тэрыторыю былога Бельчыцкага (Барысаглебскага) манастыра ў завулку Юбілейным г. Полацка. Газаправод праведзены, ўсё закапана. Пра былую сенсацыю нагадваюць толькі рэшткі плінфы ХІІ ст., раскіданыя паабапал асфальтаванай дарогі. І хоць паламаная плінфа не з’яўляецца каштоўным артэфактам, але можа быць узорам-напамінам тэхнікі дойлідства і будаўніцтва для сучаснікаў. Прынамсі, мне балюча, калі плоскія кавалачкі старадаўняй цэглы трушчаць нагамі ці коламі аўто.
Тэрыторыя Бельчыцкага (Барысаглебскага) манастыра ў Полацку знаходзіцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Але ў сучасных умовах спісам усё і заканчваецца. А хацелася б памарыць, што калісьці, напрыклад, ачысцяць сцены храма ад культурнага пласту і вынесуць на паверхню. Зразумела, што тут не дапаможа проста тэхніка, патрэбна будзе праца спецыялістаў з рыдлёўкамі, пэндзалямі ды адмысловымі прыстасаваннямі… Толькі цяжкімі высілкамі магчыма падняць метры культурнага пласту, пад якім часам стагоддзяў апынулася святыня.
Гісторыкі ў меркаваннях па Барысаглебскім манастыры разыходзяцца. Некаторыя лічаць, што тут няма чаго рабіць, капаць, шукаць. Некаторыя, да якіх адносяцца і мясцовыя краязнаўцы, яшчэ глядзяць з надзеяй у светлую будучыню. Нават на рэштках можна аднавіць спадчыну, калі розум і культура пераможа разбуральную сілу абыякавасці і бяспамяцтва. Тым больш так сталася, што па левы бок Заходняй Дзвіны ў Полацку няма ніводнага праваслаўнага храма. Артадоксы-палачане, якія жывуць у мікрараёне Марыненка, не раз наракалі, што паблізу няма царквы іх канфесіі.
А калісьці менавіта Бельчыцкі Барысаглебскі мужчынскі манастыр быў цудоўнай раннехрысціянскай пабудовай на тэрыторыі Полацкага княства. Заснаваны князем Барысам Усяславічам у першай чвэрці XII стагодздзя на ўзвышаным беразе Заходняй Дзвіны ў вусці малой ракі Бельчыцы. Манастыр быў асвечаны ў гонар Святых князёў-пакутнікаў Барыса і Глеба і абнесены каменнай сцяной з высокімі вежамі па вуглах. На тэрыторыі святыні месціліся вялікі Успенскі сабор, храмы Параскевы Пятніцы і Барысаглебскі. Археолаг, адзін са славутых спецыялістаў па старажытнарускай архітэктуры Мікалай Варонін Успенскі сабор датаваў 20-30 гадамі ХІІ ст. і параўноўваў са Спасам на Бераставе, што ў Кіеве. Сцены малога храма Параскевы Пятніцы былі атынкаваныя і пакрытыя фрэскавым роспісам з выявамі Святых Барыса і Глеба, а пад царквой была пахавальня роду Барыса Усяславіча. Барысаглебскі храм некалькі разоў перабудоўвалі і там таксама змяшчаліся ўнікальныя фрэскі. Па плане пабудовы нагадваў Спаскі храм у Сяльцы, бо стаяў яшчэ да яго.
Навукоўцы параўноваюць і праводзяць тыпалагічную аналогію храмаў Бельчыцкага манастыра з храмамі Кіева-Пячэрскай лаўры.
У адным са спісаў “Жыція Еўфрасінні Полацкай” дойліда Іаана клічуць ойчам. Значыць, магчыма, ён быў манахам Бельчыцкага манастыра. Па меркаванні даследчыкаў, у прыватнасці вядомага гісторыка і археолага Леаніда Аляксеева, Бельчыцкую Барысаглебскую святыню будавалі майстры з Візантыі, і, пэўна, менавіта ў іх вучыўся дойлід Іаан будаваць храмы. Верагодна, Еўфрасіння Полацкая таму і прыйшла ў Бельчыцкі мужчынскі манастыр па дапамогу славутага майстра, каб пабудаваць каменную царкву ў Сяльцы. Па версіі Мікалая Вароніна, у Бельчыцах месцілася і тагачасная вялікакняжацкая рэзідэнцыя, якая адыгрывала ролю кшталту Рурыкавага Гарадзішча ў Вялікім Ноўгарадзе, Багалюбава – ва Уладзімеры, Смядыні – у Смаленску.
Сам Бельчыцкі манастыр быў абнесены сценамі, гэтым нагадваў абарончую крэпасць. Сюды полацкія князі перасяліліся з Верхняга замка, саступіўшы яго епіскапам і пачаўшы ў Бельчыцах будаваць цэрквы. Лічыцца, што і Багародзіцкі сабор быў пабудаваны менавіта тут.
Падчас Лівонскай вайны ў Бельчыцкім манастыры месціўся Іван Жахлівы. Пасля Берасцейскай уніі святыня адна з першых перайшла ўніятам. У ХІХ ст. яна была падпарадкаваны Спаса-Еўфрасіннеўскаму жаночаму манастыру. Да 1910 года на тэрыторыі манастыра захаваліся Барысаглебская і Пятніцкая цэрквы, значна перайначаныя пазнейшымі перабудовамі. Пасля Першай сусветнай вайны на манастырскім двары знаходзіліся ваенныя склады. У час савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў манастырскія храмы былі значна пашкоджаныя. У 1925 годзе ад царквы Параскевы Пятніцы засталіся толькі дзве сцяны, ад Барысаглебскай – чатыры.
З канца 1920-х гадоў тэрыторыя Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра пачала забудоўвацца мясцовым насельніцтвам, якое сцены храмаў разбірала на будаўнічыя матэрыялы. У 1928 годзе вывучэнне манастырскіх цэркваў праводзіў гісторык Іван Хозераў, ён замаляваў фрагменты фрэскавых роспісаў. Пра тое, як выглядаў манастырскі комплекс у ХІХ ст. нагадвае гравюра з кнігі Аляксандра Семянтоўскага “Беларускія старажытнасці”, выдадзенай у Санкт-Пецярбургу ў 1890 годзе, а таксама малюнкі з кнігі Леаніда Аляксеева “Заходнія землі дамангольскай Русі”.
У савецкі час у гонар Бельчыцкай святыні ўсталявалі мемарыяльны камень. Сёння праз тэрыторыю былога Полацкага Барысаглебскага манастыра праходзіць дарога, дзе месціўся якраз вялікі Успенскі сабор, а на месцы Пятніцкай і Барысаглебскай цэркваў знаходзіцца прыватны сектар з драўлянымі дамамі, пяціпавярховая “хрушчоўка”, цагляны дарэвалюцыйны дом і невялічкі парк. Некаторыя людзі нават і не ведаюць, што жывуць на зруйнаваных калісьці святынях, а тэрыторыя насамрэч быццам пад аховай дзяржавы, вось толькі гісторыя пад нагамі ў прамым сэнсе гэтага слова.
P.S. Аўтар удзячна за інфармацыйную дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу полацкаму краязнаўцу Андрэю Бухавецкаму.