Автор: Ірына Сакалоўская, фота аўтара
У Цэнтры культуры Наваполацка 28 лістапада адбыўся пластычны спектакль “Гражына” тэатра гістарычнага строю “Полацкі звяз”, пастаўлены паводле аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча. Прэм’ера ж пастаноўкі прайшла сёлета ў чэрвені ў Полацку. Яе рэжысёрам з’яўляецца Яўгенія Кавалёва.
Зацікаўленасць тэмай гістарычнага мінулага радзімы яднае артыстаў “Полацкага звязу” з творчасцю пісьменніка Адама Міцкевіча. У сюжэце яго эпічнай паэмы – эпізод барацьбы літоўскага народа з нямецкімі крыжакамі. Гражына – смелая гераіня-ліцвінка, у пачуццях якой любоў да радзімы перамагае над асабістым шчасцем. Мужная і прыгожая дзяўчына апранае даспехі мужа і разам з дружынай выступае супраць крыжакоў. Яна памірае ў бойцы. Князь Літавор, які і ўступіў у ранейшую і ўжо непапраўную змову з ворагамі, прыбыў да месца бітвы занадта позна.
Характары герояў нацыянальна-гістарычнага і рамантычнага твора Адама Міцкевіча праз пластыку і артыстычнасць змаглі цудоўна ўвасобіць полацкія “звязаўцы” на сцэне. Удалым атрымаўся вобраз Гражыны. Тым больш наватарствам рэжысёра часавыя рамкі падзей у спектаклі пашыраныя – ўведзены эпізод дзяцінства галоўнай гераіні, як гінуць яе бацькі. Праз паказ боек у спектаклі закранута заўсёды актуальная тэма вайны і міру для любой незалежнай дзяржавы. Нездарма напрыканцы спектакля зачытваецца выпіска са Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года пра абавязак уладара любіць Айчыну і берагчы дзяржаву народа, якім ён кіруе.
Навапалачанам спектакль “Гражына” спадабаўся. Брава артыстам і рэжысёру “Полацкага звязу”!