Перадгісторыя. Праваслаўныя і каталіцкія парогі
Калісьці ў Полацку і ваколіцах было 12 праваслаўных манастыроў. Такую колькасць святыняў адзначаў у сваёй працы беларускі гісторык і святар Іван Грыгаровіч. Большасць з іх разбураныя і ператвораныя ў попел падчас узяцця горада Стэфанам Баторыем у XVI ст. Паводле прывілея гэтага польскага караля і вялікага князя літоўскага ўсе полацкія праваслаўныя цэрквы і манастыры ў 1582 годзе перададзены езуітам. Хаця да канца XV ст. вернікі праваслаўнай канфесіі абсалютна дамінавалі ў Полацку. Выключэннем маглі з’яўляцца замежныя купцы, якія на пэўны час спыняліся на полацкіх землях і дзейнічалі ў межах нямецкага двара. Такую інфармацыю чытач можа знайсці ў кнізе “Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Полацка”. А ў аўтарэфераце дысертацыі доктара гістарычных навук, прафесара Дзяніса Дука, напрыклад, сцвярджаецца, што размяшчэнне гэтага двара на пасадскай тэрыторыі і тэрытарыяльна не ізаляванага, як у Ноўгарадзе, сведчыць пра талерантныя адносіны да вернікаў гэтай канфесіі.
Закранаючы паняцце “талерантнасці”, дазволю сабе ўзгадаць радкі з верша “Мова” класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча: “Праваслаўны або каталіцкі, ці які там твой будзе парог…”. Сапраўды перабольшаная рэлігійная, моўная і іншага характару талерантнасць характэрная для нашых земляў. Ці не таму так лёгка, пад прыгнётам і без яго, наш народ пераходзіў з канфесіі ў канфесію ў пошуках Бога і простага чалавечага прытулку, а ў ХХ ст. так жа лёгка гэтага ўсяго выракся і не захаваў спадчыну?..
Хаця талерантнасці менавіта з боку тагачасных кіраўнікоў дзяржаў асабліва не было. Так, у 1498 годзе ў Полацку заснаваны бернардзінскі кляштар, які неаднаразова выпальваўся падчас набегаў маскоўскіх войск. І як Іван IV Жахлівы паліў каталіцкія храмы, так Стэфан Баторый не надта добра абыходзіўся з праваслаўнымі святынямі.
На змену вобліку, знішчэнне культавых пабудоў паўплывалі, канешне, войны, а ў ХХ стагоддзі антырэлігійная камуністычная ідэалогія. І калі кропкі ў міжканфесійных спрэчках часам расстаўляе гісторыя, то нацыянальная спадчына ў мірны час руйнуецца простай чалавечай абыякавасцю.
Маліліся калісьці бернардзінцы
Адштурхнуўшыся ад апошніх словаў, распавяду чытачу пра гісторыю бернардзінскага кляштара. Яго былыя будынкі стаяць у паўднёва-заходняй частцы горада – Задзвінні – на вуліцы імя 23 Гвардзейцаў на левым беразе Заходняй Дзвіны.
У XVIII ст. у Полацку ствараецца ансамбль мураваных каталіцкіх кляштараў (базыліянскі, дамініканскі, францысканскі, бернардзінскі), узводзяцца мураваныя карпусы езуіцкага калегіума з касцёлам Св. Стэфана і праваслаўны Багаяўленскі манастыр.
Першы касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў заснаваны ў Полацку ў 1498 г. манахамі гэтага ордэну па фундацыі вялікага князя Аляксандра Ягелончыка і месціўся ён у раёне Запалоцця. Да полацкага бернардзінскага манастыра на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага было толькі два падобныя кляштары – драўляныя віленскі з касцёлам Св. Францыска і ковенскі з храмам Св. Георгія.
Мураваныя будынкі полацкага касцёла і кляштара ў Задзвінні ўзведзеныя ў канцы XVII – пачатку XVIII ст. Комплекс уключаў таксама гаспадарчыя пабудовы (кузню, стайню, свіран, бровар і іншыя), пладовы сад з агародам. У 1772 годзе ў кляштары жылі 10 манахаў, меліся 30 пакояў. У 1880 годзе пабудавана багадзельня. Збярогся двухпавярховы мураваны жылы корпус, у плане выцягнуты прамавугольнік, з захаду завершаны перпендыкулярна размешчаным крылом з трапезнай на першым паверсе. Унутраная планіроўка галерэйная з аднабаковым размяшчэннем келляў, перакрыцце памяшканняў скляпеністае. Архітэктура жылога корпуса вызначаецца прастатой, мае сціплы дэкор.
Бернардзінскі кляштар скасаваны ў 1832 годзе, манахі пераведзеныя ў Друю, а касцёл перабудаваны пад царкву, як і большасць каталіцкіх устаноў пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі. Манастырскі комплекс з'яўляецца помнікам архітэктуры барока. З 1950-х гг. у двухпавярховым мураваным жылым корпусе знаходзіцца медыцынская ўстанова – цяпер Полацкая абласная псіхіятрычная бальніца.
Сучасны стан. Спадчына, абцягнутая стужачкай
Сёння руіны былых Іаана-Багаслоўскай царквы (калі належыла праваслаўным) ці ад пачатку касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі, як і комплекс кляштару бернардзінцаў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а значыць, нібыта знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Храмавыя зводы былога касцёла абваліліся некалькі гадоў таму, старую цэглу расцягалі мясцовыя жыхары. Наш народ па сваёй ментальнасці ўсё гатовы сцягнуць у прыватную гаспадарку, разбураючы рэшткі гістарычных пабудоў. Апошнія сёння знаходзяцца ў аварыйным стане – тэрыторыя касцёльных развалін абцягнута стужачкай, але, на жаль, кансервацыяй гістарычнага будынка гэта не назавеш.
У храмавых падвалах за савецкім часам знаходзілі чалавечыя парэшткі – чарапы ды косці. Пра гэта сёння могуць расказаць мясцовыя старажылы – Станіслаў і Леанід Шэндалі, а таксама браты-краязнаўцы Андрэй і Аляксей Бухавецкія. Яны жылі недалёка ад бернардзінскага комплекса, і многае адбывалася на іх вачах. Яшчэ да нядаўняга часу побач з рэшткамі храма стаяў доўгі барак, у якім жылі людзі, яны і былі першымі ахвотнікамі, па словах відавочцаў, красці старадаўнюю цэглу. У савецкі перыяд у храмавых падвалах дзейнічала НКУС, вяліся расстрэлы, таму і костак так шмат знаходзілі потым. Як кажа краязнаўца Андрэй Бухавецкі, касцёльныя скляпенні дзяліліся на дзве часткі – алтарную і непасрэдна храмавую. Будучы падлеткамі, яны з братам Аляксеем лазілі туды і самі бачылі чалавечыя косці, у алтарную частку храмавага падвалу можна было патрапіць ячшэ дастаткова нядаўна, пакуль не абваліліся зводы і частка сцяны.
Завалены ўваход у падвал былога храма
А цяпер няхай чытач уявіць, што ў падвалах былога храма дзейнічала НКУС, гінулі людзі, што ў былых манастырскіх келлях у псіхіятрычнай бальніцы зараз не моляцца манахі, а праходзяць лячэнне людзі хворыя ў першую чаргу на алкагалізм… Нейкія няправільныя кропкі расставіла савецкая гісторыя ля былых сакральных будынкаў Полаччыны. І рэха малітвы ўжо не чутно, няма крыжа побач ды і пра гісторыка-культурную каштоўнасць таксама нічога не нагадвае.
Гістарычныя страты Полацка
З боку былога бернардзінскага кляштара і левабярэжжа Заходняй Дзвіны адкрываюцца цудоўныя краявіды на правы бераг полацкай забудовы – Сафійскі і Багаяўленскі саборы, побач з якімі таксама раней месціліся праваслаўныя і каталіцкія манастыры. А яшчэ быў велічэзны касцёл Святога Стэфана, у лютым 1833 года пераасвячоны ў Мікалаеўскі праваслаўны сабор. На старых паштоўках Полацка бачна, як ён у сілуэце пераўзыходзіў нават велічную Сафію. Страшная і незайздросная гісторыя была гэтай сакральнай пабудовы. Напачатку ў 1936 годзе вежы касцёла разабралі. А ў студзені 1964-га былы храм Святога Стэфана і частку езуіцкага калегіума ўзарвалі. Гэты знішчальны выбух, які адбыўся бліжэй да абеда, добра памятае Леанід Шэндаль. Ён дагэтуль жыве ў старым доме на левым беразе Дзвіны, бачыць як штодня званары Багаяўленскага б'юць у званы, а ў памяці ўсплывае руйнаванне Стэфанаўскай (Мікалаеўскай) святыні.
Пра разбурэнне касцёла Св. Стэфана і езуіцкае барока пісала беларускі гісторык архітэктуры і мастацтвазнаўца Тамара Габрусь: «Пасля ўзрыву ўтварылася каля 50 тысяч кубічных метраў «добраякаснай цэглы і шчэбня, якія прадпрыемствамі і насельніцтвам на працягу года былі выкарыстаны на добраўпарадкаванне горада». «За хорошо выполненные работы по обрушению здания кадетского корпуса в городе Полоцке» ўдзельнікам акцыі была аб'яўлена падзяка, двое з іх узнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама. Сапраўдныя дакументы па рэалізацыі гэтага акта вандалізма доўгі час былі надзейна схаваныя ад цікаўных у Полацкім архіве, потым апублікаваныя ў першым нумары гісторыка-літаратурнага часопіса «Полацкі летапісец».
На месцы зруйнаваных будынкаў у 1976-1979 гг. узведзены прэстыжны дзевяціпавярховы жылы дом для правінцыйнай эліты.
Нягледзячы на ўсе добрыя і значныя перамены ў сучасным Полацку, людзі якія прыязджаюць з заходніх раёнаў Віцебскай вобласці, бачаць у ім многа ненатуральнага і савецкага. Занадта шмат гістарычных стратаў сцярпеў горад, з якога пачыналася беларуская дзяржаўнасць. Безліч артэфактаў ляжыць на зямлі, пад зямлёй і закатана ў асфальт, а штосьці бязлітасна развальваецца ў нас на вачах з-за ментальнай адсутнасці культуры і вечнай адгаворкі «няма грошай».