Сайт о Городе и для Города

Першыя княствы-дзяржавы на беларускіх землях

Просмотров: 777
О ГородеТайны полоцкой истории

Автор:  С.В. Тарасаў


Полацкае княства было першай дзяржавай, якая сфарміравалася на беларускіх землях. Падочас яе ўтварэння вялікая роля належала геаграфічнаму, этнічнаму і сацыяльна-эканамічнаму фактарам.

Паўночнае Прыдзвінне, дзе ў VIII -X стст. ішлі дзяржаваўтваральныя працэсы і фарміравалася ядро Полацкай зямлі, мае шэраг геаграфічных асаблівасцяу. У першую чаргу да іх адносяцца разгалінаваная рачная сетка, вялікая колькасць азёр і хваёвыя лясы. Ворныя землі на месцы гэтых лясоў былі асабліва ўрадлівымі. Акрамя таго, у гэтай зоне значна цяплей і больш вільготна, снежнае покрыва з'яўляецца пазней і, наадварот, на 15 -20 дзён раней, чым на іншых беларускіх землях, сыходзіць снег і на 7 -12 дзён раней пачынаюцца сельскагаспадарчыя работы.

Да з'яўлення ў Прыдзвінні славян-крывічоў тут жылі балцкія плямёны днепра-дзвінскай і банцараўскай культур, якія займалі вялікія прасторы Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі. Гэтыя плямёны пакінулі пасля сябе шматлікія гарадзішчы, курганы, тапанімічныя і гідранімічныя назвы.

Ужо ў VI ст. на Беларусь пранікаюць першыя славяне. Найбольш актыўна яны рассяляюцца ў VII - VIII стст., займаючы вольныя плошчы, пакінутыя балтамі месцы, а часам і выцясняючы апошніх. Пачаўся працэс сумеснага пражывання розных этнасаў і паступовае іх змешванне - асіміляцыя. Крывічы, якія прыйшлі ў Прыдзвінне і Верхняе Падняпроўе, мелі больш высокі ўзровень сацыяльнай арганізацыі - зародкі дзяржаўнасці. Іх культура стала дамінуючай. Крывічы прыгадваюцца ў летапісах пад 856, 862, 907, 944 і 980 гг. Іпацьеўскі летапіс згадвае іх нават пазней - у 1128 г. і называе полацкіх князёў крывіцкімі ў 1140 і 1162 гг. Ужо ў недатаванай частцы летапісу сустракаецца тэрмін "палачане" разам з крывічамі. Гэтым была вылучана тая частка крывічоў (у адрозненне ад пскоўска-ізборскіх і смаленскіх), якія атабарыліся вакол Полацка. Сам Полацк упершьшю згадваецца крыніцамі пад 862 г. Да з'яўлення крывічоў тут існавала гарадзішча днепра-дзвінцаў, якія і далі гораду назву ад ракі Палаты. У IX - X стст. ён уяўляў сабой паселішча масавага тыпу. Плошча ўмацаванага дзяцінца складала каля 1 га, навакольнага горада-падграддзя - каля 7,5 га. У горадзе магло жыць на той час да 1 тыс. чалавек.

У другой палове X ст. летапісы згадваюць першага полацкага князя Рагвалода, які прыйшоў з-за мора, "трымаў, валадарыў і княжыў Полацкую зямлю". Вызначэнне, якое далі летапісцы полацкаму князю, сведчыць аб завяршэнні першага этапа ва ўсталяванні полацкага гаспадарства: з'яўленне межаў, зацвярджэнне палітычнай сістэмы, упарадкаванне ўнутраных гаспадарчых адносін. Працэс утварэння першай полацкай дзяржавы Рагвалода супаў з усталяваннем многіх славянскіх еўрапейскіх гаспадарстваў: чэхаў і мараваў, харватаў і славенцаў, палякаў, а таксама першых дзяржаў у Скандынавіі - Даніі, Швецыі, Нарвегіі. На землях Усходняй Еўропы ўсталяваліся тры моцныя дзяржаўныя цэнтры. Сярод іх акрамя крывіцкага Полацка палянскі Кіеў і славянскі Ноўгарад. Апошні быў пад моцным уплывам скандынаваў.

Каля 970 - 980 гг. да полацкай князёўны Рагнеды - дачкі Рагвалода - пасваталіся два браты: Уладзімір наўгародскі і Яраполк кіеўскі. Рагнеда абрала Яраполка. Абражаны адмоваю Уладзімір робіць напад на Полацк і прымусам бярэ Рагнеду ў жонкі. Пасля ён забівае падманам свайго брата і становіцца валадаром Кіева. На перыяд каля 20 гадоў утвараецца "імперыя Рурыкавічаў" з цэнтрам у Кіеве, якая часам атаясамліваецца з Кіеўскай Руссю. Але гэтае штучнае ўтварэнне не мела надзейных унутраных мацуючых ніцяў і трымалася на даніне, якую выплачвалі Кіеву астатнія землі.

Пасля спробы забіць Уладзіміра полацкая княжна Рагнеда была выслана на Бацькаўшчыну, дзе для яе быў засн'аваны новы горад Ізяслаўль - у гонар сына Ізяслава (сучаснае Заслаўе). Ад Рагнеды Уладзімір меў чатырох сыноў - Ізяслава, Яраслава (Мудрага), Мсціслава (чарнігаўскі князь) і Усевалада (князь уладзіміра-валынскі) і дзвюх дачок - Прадславу (была замужам за чэшскім князем Баляславам III Рудым) і Прэміславу (была замужам за вугорскім прынцам Ласла Сара Лысым). У канцы жыцця Рагнеда пастрыглася ў манашкі пад імем Анастасіі. Памерла ў 1000 г.

Князь Ізяслаў памёр у 1001 г. Ён паклаў пачатак полацкай княжацкай дынастыі. Пераемнікам стаў князь Брачыслаў Ізяславіч (1001 - 1044). Пры ім пачала складвацца другая полацкая дзяржава, росквіт якой прыпаў на сярэдзіну - другую палову XI ст. У часы Брачыслава пашыраюцца межы Полацкай зямлі, у першую чаргу на захад і поўнач. Паўстаюць новыя гарады і сярод іх Брачыслаўль (названы так у гонар князя - сучасны Браслаў) і гарады па сярэднім рэчышчы Дзвіны - Кукейнас, Герсіка (зараз на тэрыторыі Латвіі). Палачане цалкам кантралююць гандлёвы шлях па Дзвіне аж да Варажскага (Балтыйскага) мора, збіраюць даніну з балтыйскіх плямён.

Разам з тым абвастраліся адносіны паміж Полацкам і Ноўгарадам. Гэта было выклікана, верагодна, барацьбой за прыярытэтнае права кантролю над скандынаўска-візантыйскім экспартам-імпартам па шляху "з варагаў у грэкі". Два буйнейшыя адгалінаванні гэтага шляху праходзілі праз Полацк і Ноўгарад. У першай палове XI ст. актыўнасць на гэтым шляху рэзка зменшылася, адпаведна і колькасць тавараў і дабрабыт дзяржаў-саперніц. Да таго ж узніклі тэрытарыяльныя спрэчкі на памежжы, спрэчкі за кантроль над Кіевам. Згодна з крыніцамі, да 1026 г. Брачыслаў полацкі і Яраслаў наўгародскі кіравалі Кіевам праз сваіх намеснікаў. Магчыма, Брачыслаў адзін час быў таксама і князем кіеўскім. Напружанасць адносін паміж суседзямі дапаўнялася традыцыямі звычаёвага права, па якім Ноўгарад быў кроўным ворагам Полацка пасля забойства Рагвалода і зняволення Рагнеды.

У 1021 г. Брачыслаў полацкі нападае на Ноўгарад і захоплівае яго. Тады ж паміж Брачыславам і Яраславам адбылася бітва на р.Судамір. У выніку была заключана мірная дамова паміж князьмі як паміж братамі і Полацкай зямлі вернуты гарады Віцебск і Усвяты. У 1026 г. Яраслаў стаў кіеўскім князем і мірная дамова была парушана. Пасля 1036 г. на тэрыторыі Усходняй Еўропы засталіся толькі два княжацкія радаводы: Яраславічы і Рагвалодавічы. Абодва па жаночай лініі вялі пачатак ад Рагнеды полацкай.

Пасля смерці Брачыслава на яго месца заступіў сын Усяслаў празваны Чарадзеем (каля 1029 - 1101), бо, па паданні, быў народжаны ад чарадзейства. Да 60-х гг. XI ст. уся дзейнасць полацкага князя была скіравана на ўладкаванне сваёй дзяржавы. Да Полацкай зямлі ў XI сг. належаць Віцебск, Заслаўе, Друцк, Браслаў, Менск, Орша, Лагойск, Лукомль і згаданыя вышэй Кукейнас і Герсіка. Растуць плошчы гарадоў, часам нават адбываецца іх перанос на новыя месцы. Уласна Полацк займае ў гэтьга часы больш за 20 га з насельніцтвам 10 - 15 тыс. чалавек. Тут хутка развіваюцца гандаль і рамяство.

Але з 1065 г. аднаўляецца зацятая барацьба з Ноўгарадам і Кіевам. Яна абумоўлена тым, што пасля смерці Яраслава Мудрага ў 1054 г. землі уласна Кіеўскай Русі былі падзелены паміж усімі яго сынамі (іх было сем), але з цягам часу ўлада апынулася ў руках траіх: Ізяслава, Святаслава і Усевалада. Гэтыя браты Яраславічы пачалі прыбіраць да рук землі малодшых князёў - траюрадных пляменнікаў, парушаючы тым самым запавет бацькі. Мелі яны намер захапіць і Полацкую зямлю. У такіх абставінах Полацк выступаў гарантам спадчыннага права і захавання справядлівасці.

У перыяд з 1065 па 1078 г. адбываюцца бітвы паміж Усяславам Чарадзеем і Яраславічамі за Пскоў, Ноўгарад, Менск, Смаленск. У 1067 г. полацкі князь трапляе ў палон і 14 месяцаў сядзіць у кіеўскай турме-порубе разам з двума сынамі. У выніку паўстання кіяўлян 15 верасня 1068 г. ён становіцца вялікім князем кіеўскім, але ў хуткім часе вяртаецца да сябе ў Полацк. Усведамляючы праўду за Усяславам, на яго баку выступаюць такія вядомыя дзеячы XI ст., як кіеўскі ігумен Антоні Пячэрскі і Нікан Летапісец. Апошні раз Усяслаў заступаецца за князёў-выгнаннікаў Барыса смаленскага, Расціслава наўгародскага і Алега чарнігаўскага ў 1078 г. Пасля гэтага аж да смерці ў 1101 г. ён знікае са старонак летапісаў.

Тым часам у канцы XI - пачатку XII ст. адбываюцца знакамітыя з'езды князёў у Любечы, Увецічах, каля Долабскага возера. На з'ездах вырашаецца пытанне аб падзеле зямель Кіеўскай Русі: "Хай кожны трымае вотчыну сваю". Полацкіх князёў на гэтых з'ездах не было.' Яшчэ пры жыцці Усяслаў размеркаваў асобныя княствы Полацкай зямлі паміж шасцю сынамі (Давыдам, Барысам, Глебам, Раманам, Расціславам, Святаславам (Юрыем)). Найбольш буйное княства - Полацкае - дасталася Барысу, Менскае - Глебу. Асабліва актыўную палітыку па ўмацаванні свайго княства праводзіў Глеб менскі. Гэта выклікала незадаволенасць Кіева, бо Менскае княства ў асноўным размяшчалася на этнічных дрыгавіцкіх землях. Частка ж гэтых зямель падпарадкоўвалася Кіеву. Войны Кіева і Менска скончыліся палонам Глеба і яго смерцю, відавочна, прымусовай, у Кіеве ў 1119 г.

Нягледзячы на раздробленасць Полацкай зямлі, якая часам прыводіла да спрэчак і крывавых боек паміж самімі полацка-менскімі князямі Усяславічамі, на Полацкую зямлю звонку паглядалі як на ранейшую цэласную дзяржаву. Роля і аўтарытэт полацкіх валадароў не давалі спакою паўднёва-рускім князям. У 1129 г. кіеўскі князь Мсціслаў, аб'яднаўшы вялікія сілы, напаў на палачан. У выніку ўвесь радавод - князі Расціслаў, Святаслаў, Васіль, Іван, Давыд, былі схоплены і разам з сем'ямі высланы ў Візантьпо. Там яны ў якасці военачальнікаў змагаліся на тэрыторыі Малой Азіі з сарацынамі. Жывымі засталіся Васіль ды Іван, якія ў 1138 - 1139 гт. вярнуліся на радзіму.

У пачатку XII ст. у грамадска-палітычным жыцці Полацкай зямлі пачалі адбывацца вялікія зрухі. Актывізавалася веча - агульны сход гараджан для вырашэння розна-баковых пытанняў. Веча выганяла і запрашала князёў, заключала мірныя дамовы і аб'яўляла войны, рэгулявала адносіны паміж рамеснікамі, заключала гандлёвыя дагаворы. Веча стала таксама і вышэйшай судовай інстанцыяй. Гэта было абумоўлена паглыбленнем і развіццём шматукладнай гаспадаркі ў грамадстве. Феадальны ўклад паступова перамагаў традыцыйную родаплемянную вытворчасць і рабаўладальніцкую эксшгуатацыю. Паступова на першы план выступалі баяры і дружыннікі, якія праз пачатковае права збіраць даніну з дазволу князя падпарадкоўвалі сабе свабодных вытворцаў. Даніна змяняецца феадальнай рэнтай, з'яўляюцца вотчыны і воласці, разбураецца патрыярхальны ўклад, у гарадах ствараюцца першыя цэхавыя арганізацыі па ўзоры "братчын". Паміж "старэйшымі" і "малодшымі" князямі ўсталёўваюцца васалітэтныя (падпарадкаваныя) адносіны. Узрастае актыўнасць царквы як буйнога землеўладальніка. Але гэты час быў менавіта пераходным да феадалізму, бо захоўваліся і вольныя сяляне-абшчыннікі, і вольныя рамеснікі, і рабы - "халопы", "смерды". Рамяство яшчэ не аддзялілася канчаткова ад сельскай гаспадаркі. Разам з тым інтарэсы новых класаў, якія нараджаліся, і старых княжацка-патрыярхальных інстытутаў усё часцей прыходзілі ў супярэчнасць.

У пачатку XIII ст. над Полацкай зямлёй пачала навісаць новая небяспека - на поўначы і захадзе з'явіліся нямецкія рыцары-крыжакі. Пачалася паступовая і настойлівая акупацыя зямель балтаў, якія былі ў саюзніцкіх адносінах з палачанамі ці плацілі ім даніну, і ўласных полацкіх зямель. Ордэн мечаносцаў, які з 1237 г. называўся Лівонскім, узяў пад свой кантроль землі латгалаў і ліваў па ніжнім цячэнні Дзвіны, былі захоплены полацкія гарады Кукейнас (1208) і Герсіка (1209), у 1224 г. імі быў заняты эстонскі горад Тарту (Юр'еу). Крыжацкая пагроза прымушала ісці на ваенны саюз Полацка з Ноўгарадам і Полацка з Літвой. Дачка полацка-віцебскага князя Брачыслава - Параскева стала жонкай Аляксандра Яраславіча наўгародскага (Неўскага) у 1239 г. Але пераможныя бітвы з крыжакамі на р.Нява ў 1240 г. і Чудскім возеры ў 1242 г. карэнным чынам сітуацыю не змянілі. Полацкая зямля паступова губляла сваю магутнасць і былую веліч. У такіх абставінах палачане і пайшлі на саюз з землямі Верхняга Панямоння, сталіцай якіх быў Наваградак, праз запрашэнне на сваё княжанне літоўскіх князёў. У канцы 50 -пачатку 60-х гт. XIII ст. на полацкім княжанні з'яўляецца першы літоўскі князь Таўцівіл. Пачынаецца перыяд існавання Полаччыны ў саюзе з Літвой ў новай дзяржаве - Вялікім Княстве Літоўскім.

Яндекс.Метрика