Сайт о Городе и для Города

Янкавічы. Беларуская вёска пана Павалішына

Просмотров: 1530
Для ГородаМысли, идеи, взгляды

Автор: © Ірына Сакалоўская, фота аўтара і Андрэя Бухавецкага


Янкавічы – сёння звычайная беларуская вёска ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці са сваімі эканамічнымі складанасцямі, ужо далёка не былым жыццёвым вірам з-за наступстваў урбанізацыі, але адметная гісторыяй і прыгожымі краявідамі, асабліва ля ракі Дрыса.

Рака Дрыса. Янкавіцкія краявіды

Нездарма Янкавічы ўваходзяць у “Блакітныя каралі Расон”. Гэта беларускі зялёны маршрут, які злучае два прыродныя заказнікі – “Чырвоны Бор” і “Сіньша”.

Янкавічы. Восеньская акварэль


Даўней вёска называлася Павалішына. Там месціўся родавы маёнтак Ларыёнава віцэ-адмірала Іларыёна Афанасьевіча Павалішына, вядомага рускага флатаводца.

Цяпер яго лёсам на Беларусі актыўна цікавяцца гісторыкі і краязнаўцы, а быў час, калі пра пана Павалішына расказвалі адзін адному толькі вяскоўцы. Так, і захавалася памяць. Сёння такой каштоўнай інфармацыяй можа падзяліцца жыхарка Янкавіч Надзея Восіпаўна Шаршнёва, былая настаўніца пачатковых класаў.

Янкавічы. Дарога да зачыненай школы, месца былой сядзібы


Віцэ-адміралам Павалішыным былі пабудаваныя земская бальніца, якая славілася на ваколіцы, школа. Апошняя стаяла на фундаменце былой сядзібы пана. Ягоны дом быў драўляны, быццам без цвікоў пабудаваны, шматпакаёвы, з флігелем, недалёка з чысцюткай вадой сажалка, каля яе месціліся альтанкі ды ўзвышаліся вербы. А яшчэ яловыя, ліпавыя ды арэшнікавыя алеі. У гонар сваіх сыноў, каб тыя раслі магутнымі і маглі пастаяць за сябе і за радзіму, Павалішын пасадзіў тры дубы.

Павалішынскія дубы


Цяпер засталіся толькі два дрэвы. Адзін сын адмірала раней за ўсіх астатніх памёр, дык ці дрэва потым не стала, ці яго проста спілавалі. Надзелы зямлі побач належылі таксама пану, ён меў шмат прыгонных сялян, а сам жыў у Пецярбурзе. Аднак калі прыязджаў, то было свята, за што яго сяляне надзвычай любілі, бо дзякуючы яму пілі, елі ды скакалі. Дзе цяпер у янкавіцкіх людзей гароды, раней месцілася вёска Пралетарый, калісьці там і жылі прыгонныя сяляне.

Крыж ад былой царквы XVIII ст. на могілках


На могілках быў імянны склеп і царква, куды і прывезлі потым хаваць на конях Іларыёна Павалішына з Пецярбурга, а потым і ягоную жонку Аўдоццю. Царква была высокая і прыгожая. Пасля рэвалюцыі бальшавікі яе разбурылі, склепы разрабавалі, канчаткова ўсё знікла ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вяскоўцы гаварылі, што яшчэ доўгі час на могілках валяліся адміральскія рэгаліі. Аднак па афіцыйнай версіі, многія каштоўныя рэчы насамрэч трапілі ў архіў. У 1950-я гады рэшткі царквы перавезлі ў іншае месца на клуб, праз тры гады ён згарэў. Казалі: “Бог пакараў, бо святыню пусцілі пад гулянкі”.

Надпіс на магіле -ларыёна Павалішына і яго жонкі Авдоцці


З янкавіцкіх з Вялікай Айчыннай вайны вярнуліся адзінкі. Дык калі ставілі помнік загінулым у вёсцы, на жаль, не хапіла месца, каб пералічыць усіх, менавіта мясцовых, якія аддалі жыццё за радзіму. Як вядома, Расоншчына была партызанскім краем. Янкавічы вызвалілі 12 ліпеня.

Янкавічы. Удалечыні помнік загінулым падчас ВАВ


Пасля ў панскім доме жылі многія, хто вярнуўся ў вёску з вайны. У 1950-я гады ў ім месцілася і Надзея Восіпаўна Шаршнёва. Менавіта ў той час здарылася вялікая бура: на алеі елкі вецер з коранем павырываў, флігель адкінула убок на некалькі метраў, а панскі дом утрымаўся. Пазней на яго месцы была пабудавана цагляная школа, якая дзейнічала да нядаўняга часу, але цяпер, як многія вясковыя, зачынена.

Забыліся нашчадкі на пэўны час на магілу Іларыёна Павалішына. Толькі ў 2004 годзе, падчас раскопак па дазволе Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам археолага Дзяніса Дука, на месцы былой царквы ў в. Янкавічы выявілі склеп з фрагментамі пахавання. На кавалках разбітай беламармуровай пліты ўдалося разабраць надпіс: "У надзеі ўваскрасення тут аддадзена зямлі тленнае цела віцэ-адмірала і кавалера Святой Ганны І ступені і Святога Георгія ІІ ступені. Іларыён Афанасьевіч Павалішын нарадзіўся 13 кастрычніка 1739 года, памёр 7 красавіка 1799-га".

Краязнавца Аляксей Бухавецкі запальвае свячу на памятным знаку в гонар віцэ-адмірала -Ларыёна Павалішына

Летась пры садзейнічанні Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, органаў мясцовай улады і грамадства ў Янкавічах быў адкрыты памятны знак на месцы былой сядзібы віцэ-адмірала блізу знакамітых дубоў. У гэтым мерапрыемстве ўдзельнічалі полацкія краязнаўцы Сяргей Глушкоў, Андрэй і Аляксей Бухавецкія, Віктар Штэйн. Штогод гэтыя мясціны і магілу наведваюць прадстаўнікі руху «Марское братэрства – непарушнае», госці з Масквы, Санкт-Пецярбурга, ваенныя маракі з Кранштата. У 2014-м выпушчаны і памятны медаль у гонар Іларыёна Афанасьевіча Павалішына да 275-годдзя з дня яго нараджэння.

Але на гэтым янкавіцкая гісторыя не заканчваецца. Цікавыя гэтыя мясціны яшчэ гарадзішчам ранняга жалезнага веку (VI ст. да н.э. – V ст. н.э.), курганным могільнікам V–VI ст. ды каменнымі крыжамі.

Каменны старадавні крыж блізу могіак

Вось такія крыжа атрымовваліся з каменных баб

Паводле артыкула “Археалогія пра крывічоў” Георгія Штыхава, у Паўночнай Беларусі навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН БССР актыўна вывучалі курганы V-VII стст. атокінскага варыянта банцараўскай культуры. Гэта з’яўленне побач з круглымі курганамі доўгіх валападобных насыпаў. Даследчыкі лічаць, што яны маглі належаць крывічам. Навукоўцы раскапалі каля в. Янкавічы ва ўрочышчы Атокі ў Расонскім раёне самы вялікі курган. Увесь насып быў з жоўтага пяску i не меў іншых уключэнняў. Верагодна, насыпалі за адзін прыём, талакой. Пахаванні знойдзеныя ў трох месцах. Выяўлена ручной работы гліняная ўрна банцараўскай культуры да краёў напоўненая спаленымі касцямі. Асаблівае значэнне для датавання маюць бляшкі-шкарлупінкі, якіх было 19 штук, ,і служылі яны, відаць, упрыгожваннем рэменя знатнага чалавека. Гэтая знаходка – характэрная асаблівасць пскоўскіх курганоў і, мабыць, адлюстроўвае ўплыў культуры заходнефінскага насельніцтва.

Каменны старадаўні крыж


Каменны крыж


За 2 км ад урочышча Атокі знаходзіцца другі курганны могільнік – Павалішына. Ён налічвае 11 курганоў. Кераміка, знойдзеная ў іх, уласцівая для археалагічных помнікаў кіеўскай культуры другой чвэрці першага тысячагоддзя н. э., якую многія археолагі лічаць славянскай. Напэўна, ужо тады з'явіліся славяне (крывічы) на тэрыторыі Паўночнай Беларусі, але прайшло некалькі стагоддзяў, пакуль яны сталі асноўным насельніцтвам гэтага краю.

У лесе недалёка ад янкавіцкіх могілак можна пабачыць дзясяткі старажытных каменных крыжоў. На некаторых захаваліся язычніцкія знакі сонца – раўнабаковы крыж у коле. Сярод артэфактаў вылучаецца адзін, які навукоўцы завуць Янкавіцкім ідалам. Ён нагадвае фігуру жанчыны, магчыма, гэта стод Лады – багіні дабрабыту, якой маліліся продкі. У паганскія часы былі пашыраныя каменныя бабы. З прыняццем хрысціянства яны ператвараліся ў крыжы шляхам асвячэння і нанясення ужо хрысціянскіх сімвалаў. Так доўгі час спалучалася старая і новая вера. Адрозніць паганскую выяву ад хрысціянскай – складаная справа. Такога ўзроўню спецыялістаў у Беларусі амаль няма.

Ірына Сакалоўская і краязнаўцы Аляксей і Андрэй Бухавецкія ля каменнага крыжа


Вось такая невялікая вёска Янкавічы з багатай ваколічнай гісторыяй, ды гэта хіба і не ўсё, пра што можна было распавесці. Дарэчы, нараджаліся тут і людзі, якія ўсё жыццё прысвяцілі вывучэнню роднага краю – Полаччыны ды Расоншчыны. Сярод іх – Заслужаны настаўнік БССР, удзельнік ВАВ, краязнаўца Сцяпан Клокаў. Цяпер жа Янкавічы таксама не абдзелены візітамі аматараў гісторыі. Часта сюды прыязджаюць і прычыняюцца да новых адкрыццяў краязнаўцы Андрэй і Аляксей Бухавецкія. Яны і адкрылі янкавіцкія мясціны для аўтара гэтага матэрыялу.

Яндекс.Метрика