Сайт о Городе и для Города

Баравуха: кароткая гісторыя ваеннага гарадка

Просмотров: 1215
Для ГородаМысли, идеи, взгляды

Автор: Ірына Грумандзь, фота аўтара


Гарадскі пасёлак Баравуха, які зараз адміністратыўна падпарадкоўваецца Наваполацкаму гарвыканкаму, у савецкі час ведалі далёка за межамі сучаснай Беларусі, бо тут лакалізаваліся ваенныя часткі і злучэнні, якія ўдзельнічалі ў шматлікіх аперацыях ад СССР. У людской гаворцы ды і ад галоўнакамандуючых за Баравухай тады і замацавалі статус сталіцы Паветрана-дэсантных войск (ПДВ).

Гэты пасёлак знаходзіцца прыкладна ў 12 км ад Наваполацка, апошнія ваенныя часткі расфарміравалі з дзясятак гадоў таму, і за гэты час яны паспелі прыйсці ў запусценне, якое ад наведвання станоўчых эмоцый не выклікае. Аднак пра колішнюю славу ваеннага гарадка нагадвае многае ў ім.

Напалеонаўскі пачатак. Рыга-Арлоўская магістраль. І Янка Купала

Гісторыя паселішча Баравухі адносна маладая: дакументальна пачынаецца ў ХІХ ст. з Айчыннай вайны 1812 года. Менавіта тады Напалеон на карце клясціцкіх баёў адзначыў вёску Баравуха, бо праз яе пралягаў маршрут французскіх войскаў ад Дзісны да Полацка. Далейшая згадка датуецца 1866 годам – час будоўлі ўчастка Рыга-Арлоўскай дарогі і з’яўлення чыгуначнай станцыі Баравуха. Кажуць, будавалі яе англійскія інжынеры. Праз вёску праходзіў і адзін з Кацярыненскіх трактаў з Дрысы (Верхнядзвінска) на Полацк. З'яўленне новай транспартнай магістралі паўплывала на эканамічны рост мястэчка. Раней таварныя і пасажырскія перавозкі адбываліся на параходах і баржах па Заходняй Дзвіне, то потым – збольшага, па чыгунцы. Так, хутка ў раёне станцыі вырас дачны пасёлак – тады ўлюбёнае месца адпачынку пецярбургскіх чыноўнікаў.

Чыгуначаная станцыя Баравуха


Чыгуначаная станцыя Баравуха


Полацкі кірунак


Рыжскі кірунак


У 1916 годзе на чыгуначнай станцыі Баравуха ў дарожна-будаўнічым атрадзе праходзіў службу Іван Луцэвіч – паэт Янка Купала. Ён ўзначальваў падраздзяленне па валцы лесу пры нарыхтоўцы шпал для будаўніцтва чыгункі. Пра гэта сёння нагадвае мемарыяльная дошка на будынку станцыі.


Полацкія ўмацаванні

Воінскія часткі ў Баравухе пачалі ўзнікаць у Першую сусветную вайну. У 1920-я гады падчас Савецка-польскай вайны Полацк і ваколіцы, у тым ліку і Баравуха, становяцца памежным горадам.

Воінская частка і вучэбная база аэрастатаў знаходзілася на возеры Белае (сучасная вёска Азіна). А Баравуха-1 разглядалася як адзін з асноўных пунктаў абароны Полацка. Быў пабудаваны так званы Полацкі ўмацаваны раён – паласа мясцовасці, абсталяваная сістэмай невялікіх, лёгка замаскіраваных, доўгачасовых і палявых фартыфікацыйных збудаванняў у спалучэнні з рознымі інжынернымі загародамі, падрыхтаваная для працяглай абароны гарнізонам самастойна або ва ўзаемадзеянні з агульнавайсковымі часткамі.

Былы ДАК


У пачатку 30-х гг. актыўна будаваліся абарончыя ўмацаванні – ДАКі (яны потым спатрэбяцца і ў часы ВАВ). Некаторыя з іх захаваліся і да нашага часу (было больш за 40). Так, Баравуха-1 зрабілася своеасаблівым паўночна-заходнім бастыёнам Полацка.

ДАКі паўсюль


Стварэнне ваеннага гарадка

Ваенным пасёлак становіцца з 1935 года. Пабудаваныя сем каменных дамоў для сем’яў афіцэраў, клуб, лазня, крама. У 1937-м будуецца руская школа для дзяцей ваеннаслужачых, пасля чаго яна была шмат разоў рэарганізаваная. З 1936 па 1939 у Баравухе месцяцца часткі 50-й стралковай дывізіі (удзельнічала ў паходзе ў Заходнюю Беларусь і Савецка-фінскай вайне), кавалерыйскі і артылерыйскі палкі, танкавае падраздзяленне.

Былая школа для дзяцей ваеннаслужачых


Былая школа для дзяцей ваеннаслужачых


Славутым будынкам у Баравухе раней быў Дом афіцэраў, пабудаваны ў 1937-м, пры яго адкрыцці прысутнічаў вядомы маршал Савецкага Саюза Сямён Будзённы. У Доме афіцэраў потым размяшчалася чайная, у якой, як у савецкіх фільмах паказвалі: бацька піў піва, а дзеці елі марозіва і цукеркі. На другім паверсе левага крыла месціліся танцпляцоўка, кінатэатр, у правым крыле былі бібліятэка (адкрытая яшчэ ў 1956 годзе) і гурткі па інтарэсах. Насупраць былога Дома афіцэраў цяпер знаходзіцца мясцовая адміністрацыя.

Дом афіцэраў


Адміністрацыя пасёлка


Шталаг і гета. Час Вялікай Айчыннай вайны

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Баравухі нямецка-фашысцкімі захопнікамі быў арганізаваны канцлагер “Шталаг-354” для ваеннапалонных Савецкай арміі, у ім закатавалі больш за 29 тысяч чалавек, многія з іх патопленыя ў возеры Бяздонцы. Шмат абаронцаў Полацка пры выхадзе з акружэння трапляла ў палон і гінула менавіта ў баравухскім канцлагеры.

А там удалечыні возера Бяздонка


Старажылы расказвалі, што мясцовая школа служыла баракам для хворых на тыф, адсюль урачы і настаўнікі, якія ўваходзілі ў падпольную арганізацыю, жывых ваеннапалонных пад выглядам памерлых вывозілі, яны апасля, паправіўшыся, папаўнялі партызанскі атрад “Няўлоўных”. У гэтай справе дапамагаў падпольшчыкам і быў сувязным піянер Дзіма Патапенка. У 1942 годзе фашысты яго злавілі і па-зверску закатавалі. Ля былой баравухскай школы знаходзіцца магіла хлопчыка-героя (перапахаваны ў 1968 годзе з вёскі Гваздова).

Помнік піянеру Дзіме Патапенка ля былой школы, якая дзейнічала з 1964


У 1944-м у раёне чыгуначанай станцыі лётчыкі Аляксандр Яфіменка і Мікалай Будакоў, паўтарылі подзвіг Мікалая Гастэла, накіраваўшы свой самалёт на варожыя эшэлоны. Помнік баявому экіпажу ўсталяваны ў вёсцы Аляксандраўка ў Татарстане.

Помнік у Татарстане


У самой Баравухе знаходзіцца некалькі манументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, брацкая магіла воінаў і партызан, мемарыяльны комплекс на месцы канцлагера.

Помнік вайны


Яшчэ адно воінскае пахаванне ў Баравухе


Падчас ВАВ існавала тут і гета, створанае 15 верасня 1941 года, тады полацкіх вязняў перавялі ў Баравуху, а яшчэ 2000 яўрэяў з бліжэйшых вёсак. Усяго каля 8000 чалавек месцілася да растрэлу ў бараках былога цаглянага завода. Апошніх вязняў забілі ў лютым 1942-га.

Мемарыяльны комплекс на месцы канцлагера


Мемарыяльны комплекс на месцы канцлагера


Мемарыяльны комплекс на месцы канцлагера


На тэрыторыі мемарыяльнага комплекса


Яблыневы сад пасаджаны да 70-годдзя Перамогі


Гісторыя пасляваенная. Дэсантная

Пасля вайны ў 1946 годзе Баравуха ўваходзіць у склад калгаса “Савецкая Беларусь” Махіроўскага сельсавета, у пасёлку пражываюць 1120 жыхароў.

У гэты час тут размясціліся 357 і 350 гвардзейскія стралковыя палкі. Апошні ў 1946 годзе перафарміраваны у 350 парашутна-дэсантны полк. Потым яны ўвойдуць у 103-ю паветрана-дэсантную дывізію.

Баявая машына дэсанта


Баявая машына дэсанта


З 1945 па 2002 гг. у Баравухе дыслацыравалася розная колькасць воінскіх частак Паветрана-дэсантных войскаў, Ваенна-паветраных сілаў і Сухапутных войскаў. За ўвесь час баравухскія ваенныя ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях у Аўстрыі, Венгрыі, Чэхаславакіі, у вучэннях краін Варшаўскага дагавора “Влтава”, таксама “Днепр”, “Бярэзіна”, па дзяржзамове іспытвалі новыя ваенна-транспартны самалёт Ан-12 і парашут Д-1/8. У Афганістане з дэсантнага палка загінула больш за 300 чалавек.

2000 год. Часы службы 350 асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады


2000 год. Дэсантнікі 350 асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады ідуць на прыжок


Часы службы 350 асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады.


2000 год. Прыжкі дэсантнікаў 350 асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады


З сямейнага архіва


У 1995 годзе зноў рэфармаванне – і ў Баравухе-1 ўжо знаходзіцца 350 асобная гвардзейская мабільная брыгада. Але самым сумным для баравухскіх дэсантнікаў стаў 2002 – полк увогуле расфарміравалі.


Цяпер жа ў закінутых будынках дэсантнага палка можна здымаць фільмы жахаў. У казармах разбітыя шыбы, па памяшканнях гуляе вецер, узадраная падлога, на даху дзесьці не знойдзеш шыферу. Суцэльны бардак! Уваход былой сталоўкі закалочаны дошкамі, але хіба гэта дапаможа, калі варонкай ззяе правал даху?.. . Час ад часу гэтыя мясціны наведваюць па настальгіі былыя дэсантнікі. Убачыўшы, што засталося ад іх сталоўкі, узгадваюць, як на харчаванне хадзілі строем з барабанам спераду. З цёплай вопраткі ўзімку былі толькі шапка-вушанка ды рукавіцы. Калі людзей шмат, даводзілася доўга чакаць на вуліцы. А ў адной гімнасцёрцы халодна было. Добра сябе адчулі толькі тады, калі з'явіўся швэдар пад нізам. Вядома, гэта можна было дазволіць сабе ў другой палове службы. Цёплыя ўспаміны… І боль адгукаецца ў сэрцы, калі глядзіш на пусты плацдарм.

Да казармаў былога 350-га палка


Казарма былога 350-га палка.


Погляд на казарму


Былая казарма дэсантнага палка


Да сталоўкі


Від на сталоўку


Уваход у сталоўку


Праз вокны сталоўкі бачны правальны дах


Вокны былой ваеннай сталоўкі


У многім руйнаванню ваенных памяшканняў паспрыялі мясцовыя марадзёры. Безадказнасць, безгаспадарлівасць… шмат падобных слоў можна падабраць пад прыгавор знікнення будынкаў ваеннай гісторыі.


Баравуха сучасная

Сёння баравухскія школьнікі раскажуць вам пра паходжанне назвы населенага пункта. Што пайшла яна ад хвойнага лесу ў ваколіцах – бору. Шмат у гэтай мясцовасці і азёраў – Велле (Вялікае), Завелле (Салдацкае), Званае, Белае, Чорнае, Бяздонка. Ёсць некалькі крыніц. Назвы вуліц тут не савецкія, а аб’ектыўныя – Азёрная, Чыгуначная, Школьная, Базарная, Садовая, Набярэжная.

Велле


Возера Велле


Возера Велле з боку былой вайсковай дэсантнай часткі


На тэрыторыі пасёлка з’явіліся сакральныя пабудовы. У многім гэтаму спрыяе чалавечая памяць. Так, драўляная Свята-Георгіеўская царква пераробленая з пункта прыёмкі і адчыненая ў 2004 годзе. У будынку былога клуба – царква Св. Панцеляймона. Капліца ў гонар іконы Божай Маці “Сысканне Загінулых” пабудаваная на месцы расстрэлу савецкіх ваеннапалонных і мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Праваслаўная царква Св. Георгія Пераможцы


Праваслаўная царква Св. Георгія Пераможцы


Царква Св. Панцеляймона


Капліца ў гонар іконы Божай Маці Сысканне Загінулых, пабудаваная на месцы расстрэлу савецкіх ваеннапалонных і мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны.



Баравуха мяняецца. Няма ўжо раней знакамітай воданапорнай вежы. Выбух яе да сённяшняга часу можна знайсці ў Сеціве. Пабудаваная дзесьці ў 1936-м яна ў гады ВАВ служыла назіральным пунктам пры абароне Полацка і Баравухі, падчас акупацыі партызаны ў ёй хавалі зброю, у пасляваенны час вежа забяспечвала мясцовае насельніцтва вадой.


Месца, дзе стаяла воданапорная вежа


Баравуха


Прагулка па Баравухе

Сучасны дзіцячы садок у будынку былой ваеннай камендатуры



У 2002 годзе ў будынках былога верталётнага палка размясцілася Наваполацкае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву.

Пра славутых ваенных у Баравухе нагадваюць мемарыяльныя дошкі – памяці гвардыі старшага лейтэнанта Аляксея Вараб’ёва і Героя Савецкага Саюза Васіля Маргелава.

Мемарыяльная дошка Аляксею Вараб'ёву



У дні памяці і святкавання ПДВ пасёлак па-ранейшаму запаўняецца былымі і цяперашнімі вайскоўцамі. Бо тут асабліва чутно рэха вайны – розных войнаў!

Яндекс.Метрика