Сайт о Городе и для Города

Стоўнхендж каля вёскі Бікульнічы

Автор: Пятро Васючэнка


Ластоўскі пераконваў, што Полацкая цывілізацыя больш старажытная, чым егіпецкая і шумерская. Доказы? Доказаў мала, бо продкі пакідалі памяць пра сябе на нетрывалым матэрыяле. Скажам, дрэве.

Каменная П-образная фигура на озере Яново. Фото В.Ф. Винокурова.


Сёння Ластоўскі меў бы больш доказаў на карысць сваёй тэорыі, прыкладам — Камяні, беларускі Стоўнхендж на беразе Янавага возера пад Полацкам.

Гэты мегалітычны помнік апісаў у сваёй кнізе «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны» (Мн., 1992) этнограф і гісторык Э. Ляўкоў і небеспадстаўна назваў яго беларускім Стоўнхенджам....

Дарма, што наш Стоўнхендж больш сціплы, чым брытанскі. Беларусь абдзеленая гарамі і скаламі, а ледавік, які падараваў ёй валуны, быў сквапны.

Вось яны, рыскі і раўчукі шурпатай паверхні граніту. Вільгаць, паветра і час не загладзілі гэтыя знакі, нанесеныя рукой продка. Камяні маглі служыць гадзіннікам, календаром, прыладаю варажбы і магіі і яшчэ невядома чым. Стоўнхенджы раскіданыя па ўсёй планеце, і не выключана, што былі яны знітаваныя ў сістэму.

Чалавецтва заўсёды было глабалізаваным. Толькі мова, якая звязвала яго, была іншай. Магчыма, існавала цывілізацыя жрацоў, якая без слоў разумела мову камянёў, надпісаў на іх, саміх геаметрычных форм. Бо сярод камянёў, абчасаных
у даўнія часы, можна знайсці даволі правільную піраміду, куб, паралелаграм, шар і нават тэтраэдр — асабліва паважанае ў эзатэрыкаў усіх часоў і народаў геаметрычнае цела.

Камяні размешчаны ў пэўным парадку і ўтвараюць, калі глядзець на іх зверху, літару «П».

Яна прыдалася б, як арыенцір пры пасадцы і верталёта. і касмічнага карабля.

Мне мроіцца, як ён напаўняецца маўклівымі гледачамі, што ўзіраюцца на процілеглы бок возера, на якім узвышаецца ахвярнік — Валатоўка. Апошні промень чэрвеньскага сонца, які злучыў Валатоўку і Камяні, сведчаць: настас час Купалля. На Валатоўцы распальваецца ахвярнае вогнішча...

Мясцовыя мальцы мадэрнізавалі гэты абрад, распальваюць у купальскую ноч на валатоўцы цыклапічных памераў вогнішча. У ахвяру прыносяцца аўтамабільныя пакрышкі.

Сярод пяці мільярдаў сённяшняга зямнога насельніцтва няма ніводнага дастаткова пісьменнага чалавека, які расчытаў бы астатнія, апроч «П», літары мегалітаў. А можа, яны і ёсць, гэтыя самотныя жрацы, носьбіты страчаных ведаў, якія да часу хаваюць свае сакрэты ў лабірынтах існавання?

Яндекс.Метрика