Сайт о Городе и для Города

Старадаўняя плінфа пад нагамі, альбо колькі слоў пра тэрыторыю Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра

Просмотров: 1220
Для ГородаАктуально

Автор: © Ірына Сакалоўская, фота аўтара і з архіва Андрэя Бухавецкага


Некалькі месяцаў таму ў шматлікіх цэнтральных беларускіх СМІ прайшла  інфармацыя як руйнуюцца рэшткі Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра падчас пракладкі газаправода.

На месцы сучаснай пракладкі газаправоду якраз знаходзілася храмавая сцяна вялікага сабору


Сочачы за гэтым бязладдзем па сродках масавай інфармацыі, але не маючы магчымасці знаходзіцца ў Полацку, майму абурэнню на такія паводзіны землякоў не было мяжы. Тым больш на сваёй скуры і нервах ведаю, што значыць змагацца за які-ніякі стан рэшткаў нацыянальнай каштоўнасці (археалогіі, архітэктуры) за невялікі перыяд працы на пасадзе навуковага супрацоўніка па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аднаго з раённых музеяў.

Алея, што вядзе да завулку Юбілейнага, дзе знаходзівся Бельчыцкі манастыр


На днях з вядомым полацкім краязнаўцам Андрэем Бухавецкім наведала тэрыторыю былога Бельчыцкага (Барысаглебскага) манастыра ў завулку Юбілейным г. Полацка. Газаправод праведзены, ўсё закапана. Пра былую сенсацыю нагадваюць толькі рэшткі плінфы ХІІ ст., раскіданыя паабапал асфальтаванай дарогі. І хоць паламаная плінфа не з’яўляецца каштоўным артэфактам, але можа быць узорам-напамінам тэхнікі дойлідства і будаўніцтва для сучаснікаў. Прынамсі, мне балюча, калі плоскія кавалачкі старадаўняй цэглы трушчаць нагамі ці коламі аўто.

Плінфа Х-- ст.


Тэрыторыя Бельчыцкага (Барысаглебскага) манастыра ў Полацку знаходзіцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Але ў сучасных умовах спісам усё і заканчваецца. А хацелася б памарыць, што калісьці, напрыклад, ачысцяць сцены храма ад культурнага пласту і вынесуць на паверхню. Зразумела, што тут не дапаможа проста тэхніка, патрэбна будзе праца спецыялістаў з рыдлёўкамі, пэндзалямі ды адмысловымі прыстасаваннямі… Толькі цяжкімі высілкамі магчыма падняць метры культурнага пласту, пад якім часам стагоддзяў апынулася святыня.

Плінфа Х-- ст.


Гісторыкі ў меркаваннях па Барысаглебскім манастыры разыходзяцца. Некаторыя лічаць, што тут няма чаго рабіць, капаць, шукаць. Некаторыя, да якіх адносяцца і мясцовыя краязнаўцы, яшчэ глядзяць з надзеяй у светлую будучыню. Нават на рэштках можна аднавіць спадчыну, калі розум і культура пераможа разбуральную сілу абыякавасці і бяспамяцтва. Тым больш так сталася, што па левы бок Заходняй Дзвіны ў Полацку няма ніводнага праваслаўнага храма. Артадоксы-палачане, якія жывуць у мікрараёне Марыненка, не раз наракалі, што паблізу  няма царквы іх канфесіі.

Кавалак плінфы Х-- ст.


А калісьці менавіта Бельчыцкі Барысаглебскі мужчынскі манастыр быў цудоўнай раннехрысціянскай пабудовай на тэрыторыі Полацкага княства. Заснаваны князем Барысам Усяславічам у першай чвэрці XII стагодздзя на ўзвышаным беразе Заходняй Дзвіны ў вусці малой ракі Бельчыцы. Манастыр быў асвечаны ў гонар Святых князёў-пакутнікаў Барыса і Глеба і абнесены каменнай сцяной з высокімі вежамі па вуглах. На тэрыторыі святыні месціліся вялікі Успенскі сабор, храмы Параскевы Пятніцы і Барысаглебскі. Археолаг, адзін са славутых спецыялістаў па старажытнарускай архітэктуры Мікалай Варонін Успенскі сабор датаваў 20-30 гадамі ХІІ ст.  і параўноўваў са Спасам на Бераставе, што ў Кіеве.  Сцены малога храма Параскевы Пятніцы былі атынкаваныя і пакрытыя фрэскавым роспісам з выявамі Святых Барыса і Глеба, а пад царквой была пахавальня роду Барыса Усяславіча. Барысаглебскі храм некалькі разоў перабудоўвалі і там таксама змяшчаліся ўнікальныя фрэскі. Па плане пабудовы нагадваў Спаскі храм у Сяльцы, бо стаяў яшчэ да яго.

Борисо-Глебский Бельчицкий монастырь. Акварель А. П. Трутнева 1866 год


Навукоўцы параўноваюць і праводзяць тыпалагічную аналогію храмаў Бельчыцкага манастыра  з храмамі Кіева-Пячэрскай лаўры.

У адным са спісаў “Жыція Еўфрасінні Полацкай” дойліда Іаана клічуць ойчам. Значыць, магчыма, ён быў манахам Бельчыцкага манастыра. Па меркаванні даследчыкаў, у прыватнасці вядомага гісторыка і археолага Леаніда Аляксеева, Бельчыцкую Барысаглебскую святыню будавалі майстры з Візантыі, і, пэўна, менавіта ў іх вучыўся дойлід Іаан будаваць храмы. Верагодна, Еўфрасіння Полацкая таму і прыйшла ў Бельчыцкі мужчынскі манастыр па дапамогу славутага майстра, каб пабудаваць каменную царкву ў Сяльцы. Па версіі Мікалая Вароніна, у Бельчыцах месцілася і тагачасная вялікакняжацкая рэзідэнцыя, якая адыгрывала ролю кшталту Рурыкавага Гарадзішча ў Вялікім Ноўгарадзе, Багалюбава – ва Уладзімеры, Смядыні – у Смаленску.

Сам Бельчыцкі манастыр быў абнесены сценамі, гэтым нагадваў абарончую крэпасць. Сюды полацкія князі перасяліліся з Верхняга замка, саступіўшы яго епіскапам і пачаўшы ў Бельчыцах будаваць цэрквы. Лічыцца, што і Багародзіцкі сабор быў пабудаваны менавіта тут.


Храм Параскевы Пятніцы


Падчас Лівонскай вайны ў Бельчыцкім манастыры месціўся Іван Жахлівы. Пасля Берасцейскай уніі святыня адна з першых перайшла ўніятам. У ХІХ ст. яна была падпарадкаваны Спаса-Еўфрасіннеўскаму жаночаму манастыру. Да 1910 года на тэрыторыі манастыра захаваліся Барысаглебская і Пятніцкая цэрквы, значна перайначаныя пазнейшымі перабудовамі. Пасля Першай сусветнай вайны на манастырскім двары знаходзіліся ваенныя склады. У час савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў манастырскія храмы былі значна пашкоджаныя. У 1925 годзе ад царквы Параскевы Пятніцы засталіся толькі дзве сцяны, ад Барысаглебскай – чатыры.

Барысаглебскі храм

Барысаглебскі храм


З канца 1920-х гадоў тэрыторыя Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра пачала забудоўвацца мясцовым насельніцтвам, якое сцены храмаў разбірала на будаўнічыя матэрыялы. У 1928 годзе вывучэнне манастырскіх цэркваў праводзіў гісторык Іван Хозераў, ён замаляваў фрагменты фрэскавых роспісаў. Пра тое, як выглядаў манастырскі комплекс у ХІХ ст. нагадвае гравюра з кнігі Аляксандра Семянтоўскага “Беларускія старажытнасці”, выдадзенай у Санкт-Пецярбургу ў 1890 годзе, а таксама малюнкі з кнігі Леаніда Аляксеева “Заходнія землі дамангольскай Русі”.

Гістарычнае месца Барысаглебскага храма


У савецкі час у гонар Бельчыцкай святыні ўсталявалі мемарыяльны камень. Сёння праз тэрыторыю былога Полацкага Барысаглебскага манастыра праходзіць дарога, дзе месціўся якраз вялікі Успенскі сабор, а на месцы Пятніцкай і Барысаглебскай цэркваў знаходзіцца прыватны сектар з драўлянымі дамамі, пяціпавярховая “хрушчоўка”, цагляны дарэвалюцыйны дом і невялічкі парк. Некаторыя людзі нават і не ведаюць, што жывуць на зруйнаваных калісьці святынях, а тэрыторыя насамрэч быццам пад аховай дзяржавы, вось толькі гісторыя пад нагамі ў прамым сэнсе гэтага слова.

Месца, дзе быв храм Параскевы Пятніцы


P.S. Аўтар удзячна за інфармацыйную дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу полацкаму краязнаўцу Андрэю Бухавецкаму.

Яндекс.Метрика