Сайт о Городе и для Города

12. На парозе XX стагоддзя

Просмотров: 587
О ГородеАд Полацка пачаўся свет

Автор:  Уладзiмір Арлоў ”Ад Полацка пачаўся Свет”


Жыццё горада, як і жыццё чалавека, можна ўявіць раманам - з гераічнымі, будзённымі, трагічнымі і камічнымі старонкамі. Пасля закрыцця акадэміі і піярскага ліцэя полацкі раман стаў правінцыйным. Але гэта зусім не азначае, што ў ім не адбывалася нічога цікавага. Горад, хоць і быў асуджаны царскімі ўладамі на ролю павятовага, не забываў былой славы, не губляў гонару.

Больш за тры сотні палачан сталі ўдзельнікамі паўстання 1831 года. Найбольш чынныя дзеянні інсургентаў разгарнуліся ў суседнім з Полацкам Дзісненскім павеце. У паўстанцкі камітэт, што сабраўся ў мястэчку Лужкі, увайшлі прадстаўнікі вядомых родаў былога Полацкага ваяводства: прызначаны начальнікам артылерыі Міхал Храпавіцкі, Антон і Язэп Корсакі, Алейзі Буйніцкі. Камітэт заклікаў да зброі, і праз дзесяць дзён у Лужках стаяла тры тысячы гатовых да бою шляхцічаў і сялян. Ім удалося заняць і некалькі дзён утрымліваць Дзісну.

У змагарным 1863-м у блізкіх полацкіх ваколіцах, каля Янова і Бікульнічаў, былі лагеры паўстанцкага атрада Отана Грабніцкага. Туды, абыходзячы ўначы заставы, прабіраліся дзесяткі полацкіх кадэтаў і гараджан. На вуліцах з’явіліся людзі, дэманстратыўна апранутыя ў даўнейшыя шляхецкія строі з чатырохвугольнымі шапкамі-канфедэраткамі. Напалоханае кадэцкае начальства рыхтавалася да штурму. У Полацк увайшлі роты рэзервовага Галіцкага палка расійскай арміі.

Царызм жорстка расправіўся з беларускімі паўстанцамі, якія, баронячы сваю чалавечую і нацыянальную годнасць, кінулі выклік велізарнай імперыі. Каб пазбегнуць палону, застрэліўся паручнік Баляслаў Кульчыцкі, што камандаваў атрадам у Юхнавіцкіх лясах на поўнач ад горада. Сярод тысяч засуджаных да высылкі быў і народжаны пад Полацкам шляхціч Стэфан Грынеўскі, бацька будучага пісьменніка Аляксандра Грына. Тысячы сумленных і таленавітых сыноў Беларусі былі вымушаныя пакідаць радзіму. У Аўстра-Венгрыі, Нямеччыне, Францыі і Егіпце пісаў вершы Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, які падпісваўся псеўданімам Гаўрыла Полацкі. Яго пяро вывела ўсхваляванае прызнанне: «Дзвіна, Дунай маёй Айчыны, самая дарагая рэчка на свеце, табе я абавязаны рытмам маіх песняў!»

Мы перагарнулі некалькі гераічных старонак, а цяпер спыніліся на этнаграфічнай. У IX томе выдадзенага ў 1905 годзе «Полного географического описания нашего Отечества» нацыянальны характар нашага народа вызначаўся наступным чынам: «Белорус отличается гостеприимством, склонностью к веселию и доверчивостью, хотя ее можно и не сразу снискать. Отсутствие злопамятности в белорусе резко бросается в глаза всякому, кто с ним сталкивается...» Магчыма, вы захочаце паспрачацца, але, здаецца, што да характару палачан - і ў мінулыя стагоддзі, і цяпер - трэба дадаць яшчэ некалькі істотных штрыхоў. Палачане заўсёды мелі большую, чым іншыя беларусы, схільнасць да іроніі і гумару, якія дзіўным чынам спалучаюцца ў іх з балцкай стрыманасцю. Жыхары нашага Прыдзвіння спрадвеку любілі і ўмелі смачна пад’есці і ўзяць з паважнай прычыны чарку, але пры гэтым не напіцца да божае моцы. А яшчэ душа палачаніна з пракаветных паганскіх часоў была схільная да веры ў дзівосы. Тэта выдатна засведчыў пісьменнік Ян Баршчэўскі, пяро якога натхнялася казкамі, паданнямі і павер’ямі Прьадзвінскага краю. Героямі яго твораў, якія чыталі ў полацкіх дамах у XIX стагоддзі, былі злая чараўніца Белая Сарока і пярэваратні-ваўкалакі, каціны кароль Варгін і галоўны беларускі чарнакніжнік пан Твардоўскі, што меў у Полацку сваю рэзідэнцыю.

У тыя самыя часы характар жыхароў Полаччыны, іх святы і звычаі зачаравалі расійскага падарожніка і мастака I. Захарава. Зусім, на першы погляд, нечакана ён знайшоў падабенства нашага краю з Італіяй, а ўбачаныя на полацкім кірмашы танцы ён параўнаў у дарожных нататках з неапалітанскай тарантэлай. Сафійскі і Мікалаеўскі (Св. Стэфана) саборы здаліся яму пабудаванымі па малюнках Мікеланджэла. I наогул у Полацку, пісаў падарожнік, «забываеш, што ты ў павятовым горадзе, а не ў сталіцы».

Прыгажосць Полацка і яго ваколіц назаўсёды ўзяла ў палон душу выдатнага беларускага жывапісца Івана Хруцкага, аўтара бліскучых партрэтаў і нацюрмортаў, што ўпрыгожваюць цяпер музеі розных краін.

Недалёка ад горада, у вёсцы Захарнічы, мастак збудаваў сабе паводле ўласнага праекта сядзібу і пасадзіў сад. У сваім захарніцкім доме ён пражыў большую частку жыцця. Па суседству стаяў маёнтак Навагуршчына, дзе гаспадарыў Ксаверы Бянбноўскі, былы капітан паўстанцкага войска Касцюшкі. На дваццаць гадоў маладзейшая суседава дачка Ганна пайшла з Хруцкім пад вянец і стала яго музай.

Згадаем яшчэ некалькі імёнаў, што ўвайшлі ў энцыклапедыі.

Выхаванцам Полацкай настаўніцкай семінарыі, адчыненай у 1872 годзе, быў паэт Янка Журба. (Да літаратурных заслуг Журбы належыць і той факт, што менавіта ён пераканаў пісаць па-беларуску будучага аўтара «Міколкі-паравоза» Міхася Лынькова). У1885 годзе ў Полацку пачаўся жыццёвы шлях кінарэжысёра, заснавальніка беларускага кінематографа Юрыя Тарыча. Тады на полацкіх вуліцах можна было сустрэць і сур’ёзнага шкаляра Сяргея Сахарава, будучага фалькларыста і этнографа, сакратара Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, дырэктара Дзвінскай (Даўгаўпілскай) беларускай гімназіі.

Дакументы першага ўсерасійскага перапісу 1897 года паведамляюць, што сярод палачан ва ўзросце ад дзевяці да сарака чатырох гадоў пісьменных было 39,6 працэнта. Мала гэта ці многа? Сярэдні паказчык па беларускіх губернях - 32,6, агульнаімперскі - 28.

Пры канцы XIX стагоддзя каля паловы полацкага насельніцтва складалі яўрэі. У1891 годзе апошні раз глядзела з вакна цягніка на свой родны горад яўрэйская дзяўчынка Марыя, якая разам з бацькамі ехала ў ЗША. Там яна здабыла вядомасць як пісьменніца Мэры Энцін. Адна з яе кніг - «Зямля запаветная», якая выйшла ў 1912 годзе ў Бостане і Нью- Йорку, - цалкам аўтабіяграфічная. Яе чытачы даведаліся пра заакіянскі беларускі Полацк, убачылі на фотаілюстрацьмх сілуэты горада, абліччы яго жыхароў, зімовую Дзвіну.

А недалёкае ад Полацка мястэчка Лужкі праславіў на ўвесь свет народжаны там Эліэзер Бен-Іягуда. Дзякуючы яму яўрэі адрадзілі іўрыт у якасці жывой размоўнай мовы, што стала пазней  дзяржаўнай мовай Ізраіля.

У 1865 годзе статыстыка налічвала ў Полацку ўжо 18 «заводаў» - сем гарбарняў, тры піваварні і тры вапнярні, тытунёвая і свечкавая фабрыкі, цагельня, медаварня і бровар. Праз паўстагоддзя, напярэдадні Першай сусветнай вайны, самым буйным прадпрыемствам будзе лесапільна-бандарны завод з сотняй рабочых. Нашмат адстануць ад яго лесапільня (45 работнікаў), паравы млын і тытунёва-махорачная фабрыка (па 30). А вось чыгунка з яе майстэрнямі дасць заробак без малога тысячы палачан. Штодзённымі пасажырскімі цягнікамі горад будзе звязаны з Пецярбургам, Варшавай, Вільняй, Дзвінскам, Рыгай, Арлом. У 1890-я гады Дзвіна, а разам з ёю і горад, прывыкнуць да паравога флоту.

Разам з тым палачане не пакідалі традыцыйных заняткаў. Простыя гараджане па-ранейшаму трымалі коз, авечак, кабанчыкаў і кароў. У панскіх хлявах побач з мясцовымі кароўкамі жавалі жуйку пародзістыя халмагоркі і галандкі, капалі капытамі зямлю тырольскія быкі.

3 прыгарадных вёсак масла адпраўлялі ў Рыгу і Санкт-Пецярбург. На агародах нічога новага, хіба што апрача бульбы, з часоў сярэдневечча не з’явілася. Ва ўраджайньм гады яблыкі і вішні на полацкіх кірмашах прадавалі вазамі. У багатых прыгарадных маёнтках апроч садоў былі аранжарэі, дзе паспявалі абрыкосы, персікі, вінаград, лімоны і апель- сіны. Калі будзеце бачыць гэтыя плады на дзівосна жывых нацюрмортах Івана Хруцкага, ведайце, што ўся садавіна вырасла на полацкай зямлі.

Шмат хто з палачан працягваў займацца паляваннем, якое тады яшчэ не зусім ператварылася ў спорт. Цяжка даць веры, але дакументы сведчаць, што ў другой палове XIX стагоддзя мядзведзяў у лясах вакол Полацка вадзілася столькі, што, калі за адну аблаву здабывалі меней за трох касалапых, гэта лічылася няўдачай. Мы вось проста кажам «мядзведзь», а прыдзвінскія паляўнічыя адрознівалі тады тры пароды: мурашніка, аўсяніка і сцярвятніка. Палявалі таксама на ваўкоў, рысяў, дзікоў, ласёў. Віцебская губерня за год адпраўляла Дзвіною ў Рыгу болыы за 200 пудоў ласіных шкур і 15 пудоў рагоў.

Дзе паляванне, там і рыбалка. Гісторык і краязнаўца Аляксей Сапу- ноў у сваёй выдадзенай у 1893 годзе кнізе «Река Западная Двина» паведамляе, што сярэдні дзвінскі сом важыць 3-3 3/4 пуда. Самоў прадзеды сённяшніх палачан лавілі сеткамі або вялікім кручком на моцным шнуры. Прынадаю была рыба, кавалкі мяса і ўлюбёны саміны ласунак - пячонка. Трапіўшы на кручок, трохпудовая рыбіна вазіла рыбака з лодкай добры дзесятак вёрст уніз і ўверх па рацэ. Тагачасньш самы ўяўляюцца нечым накшталт акул: яны пачуваліся так упэўнена, што і самі былі не супраць злавіць чалавека. Газеты, напрыклад, пісалі, як у сутоку Дрысы і Дзвіны сом пацягнуў на дно дваццацігадовую купальшчыцу, якую ледзьве выратавалі.

«Лещ, - піша А. Сапуноў, - водится во множестве, достигая до 2 футов длины и до 18 фунтов весу». У Дзвіне і ў яе притоках жыравалі «жывасцёры» (жэрахі), што бывалі вагою да 20 фунтаў. Шчупакі дасягалі пудовай вагі. Лавілі іх, апрача вядомых нам снасцяў, яшчэ і шастамі з пятлёй... Сёння чытаеш такія звесткі, быццам фантастычны раман.

Полацкая кухня вартая асобнай кнігі. Каб даць уяўленне пра яе багацце, згадаем хоць некалькі страў, якія, магчыма, нідзе больш не сустракаліся і якія варта было б адрадзіць у сучасных гарадскіх кавярнях і рэстаранах. Напрыклад, малочны суп с ляшчом (без костак). Або неверагодна смачны дэсерт, які мы, полацкія хлапчукі, паспелі пакаштаваць у дзяцінстве - халодная вараная бульба з брусніцавым варэннем. Прычым брусніцы павінны быць звараныя з палавінкамі груш або морквін, што ператвараліся ў сапраўдны мармелад.

Колькі слоў пра напоі - моцныя і не вельмі. Найболыы папулярным з іх у дамах простых палачан на пачатку мінулага стагоддзя заставаўся хлебны квас. Найлепшым лічылі квас насычанага чырвонага колеру, зроблены на падсмажаных сухарах. Гатавалі квас таксама з буракоў, бярозавіку, а яшчэ - «калінавік», «бруснічнік», «журавіннік», «рабінавік». 3 адборнай антонаўкі гаспадыні выраблялі яблычны квас. У заможных дамах пілі гарбату і каву, у бяднейшых заварвалі ліпавую квецень, мяту, святаяннік, чабор. Рэдзька, хрэн, мёд і соль служылі асноўнымі кампанентамі рытуальнага прыдзвінскага напою - хрэсьбіннага збіценю, які павівальная бабка падносіла шчасліваму бацьку дзіцяці.

У XX стагодцзе Полацк уступіў 25-тысячным горадам, які захоўваў сваё гістарычнае аблічча. Даведнік, выдадзены ў 1910 годзе з нагоды вяртання на радзіму мошчаў святой Еўфрасінні, паведамляе пра тры манастыры і больш за два дзесяткі храмаў розных канфесій. Але ў горадзе ўсё больш адчуваўся подых новага часу. Падарожнік мог спыніцца тады ў адной з трох полацкіх гасцініц: «Віленскай», «Славянскай» ці ў «Гранд-гатэлі», або ў мэбляваных пакоях, па сутнасці, маленькіх гатэльчыках, якіх налічвалася дванаццаць. Былі тут і свая «Еўропа», і свае «Лондан», «Парыж» і «Метраполь». У цэнтры можна было з прыемнасцю гуляць па чыстым бруку і тратуарах-ходніках, разглядаючы адметныя адна-, двух-, зрэдку трохпавярховыя мураванкі (у адной з іх цяпер дзейнічае музей, які так і называецца «Прагулка па Ніжнепакроўскай»). Побач з імі сапраўднымі хмарачосамі выглядалі гмахі кадэцкага корпуса. Кожная цэнтральная вуліца завяршалася сваёй дамінантай. Спасаўская выходзіла на дамініканскі касцёл, Віцебская - на Мікалаеўскі сабор з помнікам 1812 года перад ім, у перспектыве Верхнепакроўскай добра праглядалася Сафія.

На гэтых вуліцах у 1915 годзе з’явіўся, палохаючы прахожых і конныя экіпажы, першы аўтамабіль. На два гады раней дала ток першая электрастанцыя. Напярэдадні Першай сусветнай вайны горад меў тры кінатэатры, самы вялікі з якіх, «Эдэм», змяшчаў у сваёй зале дзвесце аматараў кінематографа. У Полацку часта гастралявалі тэатральныя трупы, а ў 1910-м упершыню з поспехам выступіў першы прафесійны беларускі тэатр Ігната Буйніцкага.

У шасці полацкіх кнігарнях, апрача ўсяго іншага, падарожнік мог набыць прысвечаныя гораду над Дзвіной паштоўкі. (Іх за царскім часам выйшла амаль трыста). Неўзабаве на Спасаўскай вуліцы адкрылася першая беларуская кнігарня. Яе загадчыцай была паэтка Канстанцыя Буйло (памятаеце: «Люблю наш край, старонку гэту...»?) Улетку 1916-га ў спадарыні Канстанцыі з’явіліся добрыя памочнікі і сябры - Янка Купала, які болыы за год служыў тут у войску, і яго жонка Уладзіслава.

Горад яшчэ жыў сваім няспешным жыццём, але ўжо зусім блізка былі рэвалюцыйньш віхуры, што распачалі новую эпоху.

Яндекс.Метрика