Сайт о Городе и для Города

11. Сталіца езуітаў

Просмотров: 730
О ГородеАд Полацка пачаўся свет

Автор: Уладзiмір Арлоў ”Ад Полацка пачаўся Свет”


Ці ведаеце вы, што гісторыі было заўгодна, каб Полацк стаў у XVIII стагоддзі сусветнай сталіцай знакамітага ордэна езуітаў? Але з гэтае прычыны не трэба палохацца і шкадаваць нашых продкаў.

Сапраўды, яшчэ нядаўна энцыклапедыі дружна называлі езуітаў цемрашаламі, а на старонках гістарычных раманаў сябры Таварыства Ісуса (так афіцыйна называецца езуіцкі ордэн) нястомна плялі інтрыгі, падсыпалі атруту або падсылалі каханак-шпіёнак. Карацей, і ўначы не спалі, каб паболей нашкодзіць. Аднак, зусім не збіраючыся адпускаць айцам-езуітам усіх грахоў, будзем памятаць, што яны зрабілі і шмат карыснага: займаліся дабрачыннасцю, змагаліся з эпідэміямі, адчынялі друкарні, шпіталі і аптэкі. А найперш - стварылі самую перадавую для свайго часу сістэму адукацыі. «Бярыце прыклад з езуіцкіх школ, - пісаў выдатны філосаф Фрэнсіс Бэкан, - бо лепшых не існуе на свеце».

Полацкі езуіцкі калегіум быў адчынены ў 1581 годзе пры падтрымцы вялікага князя і караля Сцяпана Батуры. Таварыства Ісуса вучыла задарма, не патрабавала ад шкаляроў абавязкова быць каталікамі, прымала ў навучанне не толькі сыноў шляхты і духавенства, але і дзяцей гараджан і сялян.

У 1585 годзе пры калегіуме быў заснаваны тэатр. Рэпертуар складаўся з п’ес на антычныя і біблійныя тэмы, сюжэты з айчыннай гісторыі. Рэктар уважліва сачыў за яго абнаўленнем, «каб гледачы пазбеглі сумоты».

Езуіты ўмелі ўладкоўваць сваё жыццё грунтоўна, рацыянальна і прыгожа. У другой палове XVIII стагоддзя побач са сваім саборам у гонар святога Стэфана (яго аздаблялі абразы, маляваныя славутым Сальва­торам Розам), яны збудавалі некалькі дзесяткаў рознапавярховых будынкаў. Тут знаходзіліся келлі для манахаў, бібліятэка, друкарня, кнігарня. У шматлікіх флігелях асталяваліся піваварня з медаварняй, свечны заводзік, пякарня, аптэка, фармацэўтычная лабараторыя. Разам з навучальнымі карпусамі, з разнастайнымі майстэрнямі, з багадзельняй, стайнямі на сорак коней, з батанічным садам - усё гэта было горадам у горадзе, цалкам прыстасаваным для самастойнага існавання. Прасторныя, размаляваныя фрэскамі залы велізарнага трохпавярховага будынка з калонамі далі прыстанак карціннай галерэі, музею, хімічнай лабараторыі, фізічнаму, гістарычнаму, этнаграфічнаму кабінетам і шматлікім аўдыторыям.

У Полацкім калегіуме выкладалі асобы, вядомыя ва ўсёй Еўропе. Шэпцік захаплення прабягаў па студэнцкіх лавах, калі да кафедры падыходзіў філосаф і слынны паэт-лацініст Мацей Казімір Сарбеўскі (1595-1640). Ён першы са славян быў ганараваны на Капіталійскім пагорку ў Рыме лаўровым вянком і названы «хрысціянскім Гарацыем». Яго кнігу лірычных вершаў, што вытрымала пры жыцці аўтара пяць перавыданняў у розных еўрапейскіх гарадах, ілюстраваў Пітэр Пауль Рубенс. Курс рыторыкі чытаў у Полацку сучаснік Сарбеўскага Жыгімонт Лаўксмін, чьм кніга «Практычнае красамоўства» пасля выдання ў на­тай краіне яшчэ адзінаццаць разоў выходзіла ў Вене, Мюнхене, Празе, Франкфурце... Выкладчыкам калегіума быў беларус Марцін Пачобут-Адляніцкі - вучоны-энцыклапедыст, будучы рэктар Віленскага універсітэта, сябар Каралеўскага астранамічнага таварыства ў Лондане.

Такія педагогі выхоўвалі годных вучняў. Полацкіх настаўнікаў з удзячнасцю ўспамінаў беларускі жывапісец Валенці Ваньковіч, аўтар знакамітых партрэтаў Міцкевіча, Напалеона,

Пушкіна. Вучыўся ў Полацку вядомы польскі паэт, драматург і гісторык Нікодам Мусніцкі. Вы, напэўна, ўжо мелі асалоду чытаць кнігу «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», якую сучаснікі захоплена параўноўвалі з казкамі «Тысячы і адной ночы». Яе аўгарам быў выхаванец Полацкага калегіума, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі. Параўнальна з езуіцкімі школамі навучальныя ўстановы царскай імперыі былі настолькі прымітыўныя, што расійская знаць, каб даць дзецям прыстойную адукацыю, часта прывозіла іх у Беларусь. Са сцен Полацкага калегіума, дзе існавала выдатная мастацкая школа, выйшаў, напрыклад, славуты расійскі медальер, скульптар і гравёр Фёдар Талстой.

«Вачыма свайго розуму» называлі езуітаў рымскія папы. Але папу Кліменту XIV гэтыя занадта пільныя вочы надакучылі, і ў 1773 годзе ён, пасварыўшыся з ордэнам, выдаў булу пра яго забарону. У полацкім Задзвінні вялікакняскія рэвізоры апісвалі езуіцкія маёнткі. Тым часам на правабярэжжы, якое ў 1772 годзе было захопленае Расіяй, адбываліся падзеі, на першы погляд, проста неверагодныя. Замест таго, каб выкарыстаць папскую пастанову для выгнання езуітаў, праваслаўная імператрыца Кацярына II давала ім прывілей за прывілеем. Таварыства Ісуса святкавала перамогу над рымскім папам.

Шлях да гэтай перамогі быў досыць просты. Полацкія езуіты першыя прысягнулі імператрыцы, а іх дэпутацыя зачаравала сваёй вучонасцю і манерамі пецярбургскі двор. «Надо сознаться, что эти мошенники - отличные люди, - пісала Кацярына. - Нигде еще не смогли устроить что-нибудь подобное их школам». Абараняючы ордэн, імператрыца заваёўвала сімпатыі новых падданых - католікаў і, не трацячы ні рубля, захоўвала на далучаных землях высокаразвітую сістэму адукацыі. Езуіцкія місіі існавалі і ў іншых беларускіх гарадах, але Таварыства Ісуса абрала для сваёй сталіцы менавіта Полацк. Гэтым падкрэслівалася выключная роля горада ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці і культуры. Гнаныя прыхільнікі ордэна знайшлі Полацк на картах і рушылі сюды з усяго свету. У іх ліку быў і амерыканскі мільянер Тэнорыа дэ Карваял, які ахвяраваў айцам-езуітам усё сваё багацце. (Дзвінскія берагі замянялі Таварыству Ісуса берагі Тыбра да 1814 года, калі папа Пій VII афіцыйна аднавіў ордэн і ім пачалі зноў кіраваць з Рыма).

Сярод езуітаў, што з’язджаліся ў сваю новую сталіцу, было шмат славутых вучоных, педагогаў, мастакоў, літаратараў. Полацк на нейкі час стаў адным з інтэлектуальных цэнтраў Еўропы, а калегіум перажываў высокі ўзлёт.

Праграма 1796 года сведчыць, што тады ў Полацкім калегіуме вывучалі беларускую, расійскую, французскую і нямецкую мовы, гісторыю, фізічную і палітычную геаграфію, алгебру, тэарэтычную і практычную механіку, эксперыментальную фізіку, касмалогію, оптыку, вышэйшую матэматыку, цывільную і вайсковую архітэктуру, тэорыю жывапісу, этыку і псіхалогію... Пасаду прафесара тэалогіі і архітэктуры займаў таленавіты італьянскі прапаведнік, жывапісец і дойлід Каятан Анджыяліні. Полацкім студэнтам чытаў лекцыі прафесар Сарбонскага універсітэта, гісторык і археолаг Дзідзье Рышардо. Прафесарам калегіума, а затым і генералам ордэна быў выдатны вучоны-энцыклапедыст славенец Габрыэль Грубэр (1740-1805). 3 яго імем звязанае абсталяванне астранамічнага, фізічнага, мінералагічнага ды іншых кабінетаў, а таксама стварэнне карціннай галерэі і пабудаванага па тыпу кунсткамеры музея. Наведнікі галерэі захапляліся творамі Рубенса, выдатным зборам скульптуры, дзвюма тысячамі гравюр вядомых майстроў. Сам Грубэр і яго вучні- механікі былі аўтарамі шматлікіх вынаходак, якія прымушалі гасцей калегіума адчуваць сябе ў сапраўдным царстве дзівосаў. Па музейных залах ездзіў у калясцы механічны Купідон, у краме гандляваў купец-робат. Галоўным дзівам была велізарная механічная галава, якая «гучна, лагічна і з поўным веданнем справы адказвала на лю­бое пытанне, зададзенае на любой мове».

У 1812 годзе Полацкі калегіум стаў акадэміяй з правамі універсітэта. Студэнтаў чакалі тры факультэты: тэалагічны, моў і літаратур, філасофіі і вольных мастацтваў. Пра ўзровень адукацыі, якую яны давалі, сведчыць, напрыклад, тое, што на філалагічным факультэце, апрача сучасных еўрапейскіх моў, выкладаліся лацінская, грэчаская, старажытнаяўрэйская, арабская... У выдавецтве пры акадэміі выпускаліся слоўнікі, падручнікі, навуковыя трактаты, календары і літаратурныя зборнікі на дзесяці мовах. 40 000 тамоў налічвала акадэмічная бібліятэка.

Акадэмія мела 700 студэнтаў і 40 прафесараў і абяцала зрабіцца канкурэнткай Віленскаму універсітэту. З полацкіх аўдыторый пачалі свой шлях да славы беларускі гісторык, археолаг і этнограф Канстанцін Тышкевіч, астраном і філосаф Якуб Накцыяновіч. Дыплом акадэміі атрымаў Ян Баршчэўскі. Пералік славутых імёнаў мог быць шматкроць болыпым, але Полацк заставаўся універсітэцкім горадам усяго восем гадоў. Расійскія ўлады хутка разгледзелі ў навучальных установах Беларусі небяспечныя «рассадники вольнодумия» і рыхтавалі расправу. Полацкай акадэміі было наканавана сысці з гістарычнай сцэны першай. Указ пра яе закрыццё выйшаў з царскай канцылярыі ў 1820-м. Усе сябры Таварыства Ісуса павінны былі пакінуць межы імперыі.

Педагогі і выхаванцы акадэміі рассеяліся па свеце і ўнеслі прыкметны ўклад у культуру іншых краін і народаў. Выкладчык тэалогіі Францішак Дзеружынскі, да прыкладу, заснаваў сістэму каталіцкіх школ у ЗША. Ягоны калега філосаф Вінцэнт Бучынскі стаў прафесарам Лювенскага універсітэта ў Бельгіі.

Бясцэнныя полацкія скарбы былі разрабаваныя. Музейныя зборы і найлепшьм творы карціннай галерэі паехалі ў пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Полацк развітаўся з найбагацейшай бібліятэкай і архівам акадэміі, дзе, магчыма, яшчэ захоўваўся Полацкі летапіс ці яго копія. Царская камісія ўчыніла сапраўдны пагром у навучальных кабінетах. Яе чыноўнікі знішчылі патаемнае памяшканне з сістэмай правадоў, адкуль механікі кіравалі сваімі робатамі, у тым ліку і механічнай галавой, што давала мудрыя парады на ўсіх мовах. Саму галаву проста выкінулі на сметнік. Калі верыць Яну Баршчэўскаму, яна вандравала па Полаччыне з дому ў дом, палохаючы гаспадароў, што імкнуліся збыць галаву суседзям. Падрабязней пра гэта можна даведацца з казачна-філасофскай аповесці «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта», якая ўвайшла ў кнігу «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

Сёння Полацк - зноў універсітэцкі горад.

На самым пачатку XXI стагоддзя наша сучасная альма-матэр атрымала некалькі будынкаў былой акадэміі. Няхай музы хутчэй вяртаюцца ў старадаўнія муры. I найперш - муза Кліо, бо першымі «навасёламі» стануць студэнты гістарычнага факультэта.

Магчыма, у аўдыторыях, залах і гулкіх заблытаных пёраходах будучыя гісторыкі сустрэнуцца не толькі са сваімі выкладчыкамі, але і з ранейшымі гаспадарамі гэтых карпусоў. Ходзяць упартыя чуткі, што ў колішнім «езуіцкім гарадку» часам з’яўляецца постаць Габрыэля Грубэра. (Гэта яму належала ідэя пераўтварэння калегіума ў акадэмію). Менш вядомы ягоны калега айцец Папэ, якому калісьці быў даручаны нагляд за вінным склепам. Там стаялі велізарныя дубовыя бочкі з хмельным мёдам-трайняком, кухаль якога вылечваў любую прастуду. Айцец Папэ, дакладней ягоны прывід, і цяпер трымаецца паблізу сутарэнняў, а ўбачыць яго найперш маюць шанцы тыя, хто аддае перавагу занадта моцным напоям.

Яндекс.Метрика