Сайт о Городе и для Города

10. Аб чым нагадвае Чорны афіцэр

Просмотров: 582
О ГородеАд Полацка пачаўся свет

Автор: Уладзiмір Арлоў ”Ад Полацка пачаўся Свет”


Пад крыламі дзвюхгаловага царскага арла ў Беларусі ўсталёўваліся ўсё больш жорсткія парадкі. Полацк, як і іншыя гарады, пазбавіўся магдэбургскага права і свайго гістарычнага герба. Падаткі ў беларускіх губернях збіралі не ў асігнацыях, як у самой Расіі, а ў звонкай манеце, і яны былі ў некалькі разоў цяжэйшыя.

Беларусаў не прызнавалі за асобны народ. Продкі не мелі нават права на ўласныя імёны і прозвішчы. Адразу пасля захопу ўсходніх беларускіх земляў царскія пісарчукі пазапісвалі Язэпаў «Іосіфамі», Тамашоў - «Фомамі», Жукі ператварыліся ў «Жуковых», Кавалі - у «Ковалевых»... Уніятаў, якія тады складалі болып за тры чвэрці беларускага жыхарства і добра ведалі, што яны не палякі і не расійцы, прымусова пераводзілі ў праваслаўе. (Забягаючы наперад, заўважым, што вайна з царкоўнай уніяй скончылася ў 1839 годзе на Полацкім царкоўным саборы. Там была абвешчаная пастанова пра вяртанне беларусаў-грэка-католікаў «в лоно прародительской православной веры, дабы пребывать в послу­шании Святейшего Правительствующего Всероссийского Синода»).

На змену расфармаванаму новай уладай прафесійнаму войску ВКЛ прышлі невядомыя дагэтуль Беларусі рэкруцкія наборы. Спачатку рэкруты служылі ўсё жыццё, потым «усяго» 25 гадоў. Між іншым, Полацкаму мушкецёрскаму палку належыць галоўная роля ў славутым здабыцці Суворавым Ізмаіла: якраз палачане першыя ўварваліся ў фартэцу. Згадку пра адважных полацкіх мушкецёраў вы сустрэнеце нават у паэме лорда Байрана «Дон Жуан». Хтосьці знаходзіць у гэтым падставу для гонару, але ў сапраўднасці беларусы рабіліся гарматным мясам у захопніцкіх царскіх паходах.

Датычныя Беларусі ўказы і пастановы імперскіх уладаў стракацелі словамі «забараніць», «зачыніць», «не дазволіць». Каланіяльны стан былога Вялікага Княства Літоўскага змушаў многіх патрыётаў пакідаць радзіму. Незадаволеныя былі самыя розныя колы насельніцтва. Вось чаму вайна 1812 года, у адрозненні ад нашых усходніх суседзяў, для Беларусі не была Айчыннай. 3 Напалеонам звязваліся надзеі на аднаўленне ВКЛ. У беларускіх палках Вялікай арміі французскага імператара ваявалі не меней за 25 тысяч салдат і афіцэраў. Нямала сярод іх было і палачан. Але неўзабаве зрабілася зразумелым, што Напалеон вядзе сваю гульню, і надзеі вярнуць незалежнасць пачалі таяць.

У ліпені 1812 года ў Полацк уступілі войскі маршала Нэя, сярод якіх знайшлося шмат аматараў лёгкай здабычы. (Добра, што манахі-базыльяне замуравалі крыж святой Еўфрасінні ў сцяне Сафійскага сабора). Рабункі рашуча спыніў іншы вядомы напалеонаўскі маршал Удзіно, чые войскі перайшлі Дзвіну і занялі Полацк 14 ліпеня.

Шлях на Санкт-Пецярбург прыкрываў расійскі корпус генерала Пятра Вітгенштэйна. Яму ўдалося здабыць важную перамогу паблізу недалёкай ад Полацка вёскі Клясціцы. Удзіно меў 25 тысяч войска і 114 ствалоў артылерыі, Вітгенштэйн - 18 тысяч штыкоў і 108 гармат. Авангардам расійцаў камандаваў папулярны ў войсках генерал-маёр Якаў Кульнеў, дзяцінства якога прайшло ў Віцебскай губерні.

19 ліпеня ён адбіў Клясціцы, захапіў амаль увесь французскі абоз і каля тысячы палонных. Але герой бітвы безразважна адарваўся ад галоўных сіл, пераправіўся праз Дрысу і, трапіўшы ў засаду, быў смяротна паранены. Тымі днямі Банапарт паслаў у Парыж дэпешу: «Адзін з найлепшых афіцэраў расійскай лёгкай кавалерыі генерал Кульнеў забіты пад Дрысаю».

5 жніўня Вітгенштэйн атакаваў Полацк. Бой доўжыўся чатырнаццаць гадзін. Маршал Удзіно атрымаў у ім сваю 27-ю па ліку рану, і яго замяніў Сен-Сір. Горад урэшце застаўся ў руках французаў, за што Сен- Сір атрымаў маршальскае званне. Пасля гэтага на пару месяцаў запанавала адноснае зацішша.

У Полацку і вакол яго стала 30-тысячнае напалеонаўскае войска. Жаўнеры займалі вайсковы гарадок на Ніжнім замку. Афіцэры жылі ў дамах мясцовай шляхты. Паміж імі, безумоўна, было шмат высакародных людзей, аднак хапала і тых, хто глядзеў на гаспадароў (хоць тыя належалі да аднаго з імі стану і часта гаварылі на бездакорнай французскай мове) з адценнем пагарды. Паміж фамільнымі партрэтамі маглі вісець кумпякі зарэзаных гаспадаровых вепрукоў. Дзеншчыкі секлі на дровы старадаўнюю мэблю.

Марачы пра вызваленне ад прыгону, сяляне Полацкага краю спачатку сустракалі напалеонаўскіх жаўнераў прыхільна: паказвалі дарогу, разам нападалі на маёнткі верных цару памешчыкаў. Але неўзабаве стасункі сялянства з «пранцузам» змяніліся. Скасаваннем прыгоннага права і не пахла, затое па вёсках, пакідаючы за сабой пустыя хлявы і адрыны, бясконца гойсалі рэквізітары. Сяляне браліся за косы і сякеры. У Полацкім павеце змаганнем з фран­цузам! праславіліся партызаны з вёскі Жарцы. (Пасля вайны царскі ўрад узнагародзіў жарцаўскіх мсціўцаў крыжамі і медалямі. Героі палічылі сябе за вольных людзей і адмовіліся ісці на паншчыну. Іх пан Жаброўскі меў на гэты конт іншую думку. У дадатак да медалёў ён загадаў усыпаць кожнаму партызану ніштаватую колькасць бізуноў і сам назіраў за экзекуцыяй, прыгаворваючы: «Вось табе вольнасць, а вось табе крыж»).

Увосень у расійскай і французскай стаўках зноў загаварылі пра Полацк. Бітва за горад распачалася 6 кастрычніка, і назаўтра ён быў узяты. Асабліва жорсткія баі ішлі каля адзінага драўлянага моста праз Палату, які з тых часоў называецца Чырвоным. У1850 годзе ў Полацку ў гонар той перамогі адкрылі 25-метровы манумент.

На ўрачыстасці прысутнічаў будучы імператар Аляксандр II, які праз трыццаць гадоў загінуў ад бомбы беларуса-нарадавольца Ігната Грынявіцкага. Помнік зрабіўся адной з найадметнейшых дэталяў гарадскога краявіду, але ў 1932 годзе быў разбураны. Цяпер палачане мараць пра аднаўленне манумента, які мог бы ўшанаваць памяць усіх палеглых на Полаччыне з абодвух бакоў.

Пасля вайны 1812 года папоўніўся спіс полацкіх прывідаў. Паблізу колішняга Ніжняга замка, у цёмных прысадах вала Івана Грознага, палохаючы закаханьм парачкі, пачала з’яўляцца постаць мужчыны ў мундзіры французскага гусара. Паводле адной з версій, гэта пакутны дух напалеонаўскага афіцэра, атручанага за здраду юнай каханкай з вядомага ў горадзе шляхецкага роду. Іншае тлумачэнне пачуў некалі ў Полацку ўжо знаёмы нам Вацлаў Ластоўскі (памятаеце пра полацкія лабірынты?). Згодна з ім, сваімі начнымі прагулянкамі «Чорны афіцэр» нагадвае пра несупакоеныя душы французаў, пахаваных тут, на беразе Палаты, у брацкіх магілах.

Яндекс.Метрика