Сайт о Городе и для Города

09. За Дзвіною — іншая краіна

Просмотров: 653
О ГородеАд Полацка пачаўся свет

Автор: Уладзiмір Арлоў ”Ад Полацка пачаўся Свет”


На пачатку XVII стагоддзя, у гады Паўночнай вайны 1700-1721 гадоў, Полаччына зноў стала тэатрам вайсковых дзеянняў. Расійскі цар Пётр I імкнуўся «прасекчы вакно ў Еўропу». Яму супрацьстаяў шведскі кароль Карл XII. Наш манарх, вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аўгуст II, быў саюзнікам Пятра. У Беларусь уступіла 70-тысячная царская армія, але яе салдаты і афіцэры ў сваіх паводзінах больш нагадвалі не саюзнікаў, а захопнікаў. Пётр I не толькі не стрымліваў падданых, а, наадварот, даваў уласныя прыклады жорсткага абыходжання з беларусамі.

Улетку 1705 года цар на некалькі тыдняў спыніўся ў Полацку. Гэтыя гасціны прынеслі гораду адны няшчасці. Цар не вылучаўся набожнасцю і не цырымоніўся нават з расійскім духавенствам. Што ўжо казаць пра уніятаў (грэка-католікаў), якімі тады была большасць нашых продкаў! Сваю нянавісць да тагачаснай народнай веры беларусаў Пётр засведчыў не дзе-небудзь, а ў кафедральным Сафійскім саборы, што ад 1596 года быў галоўным храмам беларускіх уніятаў. Тут, у старажытных сценах Сафіі, самадзержац разам з князем Аляксандрам Меншыкавым і некалькімі прыдворнымі афіцэрамі ўласнаручна ўдзельнічаў у забойстве пяці грэка-каталіцкіх святароў. (Царскі ўрад вымушаны быў тлумачыць гэты крывавы інцьадэнт еўрапейскім дварам, выкарыстоўваючы самыя фантастычныя адгаворкі). Але Пётр не супакоіўся і загадаў ператварыць Сафію ў вайсковы склад, дзе трымалі амуніцыю і коней, а ў сутарэннях - парахавыя запасы. Досыць было іскры, каб наша святыня ўзляцела ў паветра. I гэтая іскра ўспыхнула: 1 траўня 1710 года, якраз напярэдадні адыходу з Полацка расійскага войска, магутны выбух ператварыў Сафійскі сабор у руіны.

Такое аблічча набыў Сафійскі сабор пасля аднаўлення ў сярэдзіне XVIII ст. у стылі віленскага барока. Архітэктар Ян Глаўбіц

Нялёгкі клопат аднаўлення старажытнага храма ўсклаў на сябе полацкі уніяцкі арцыбіскуп Фларыян Грабніцкі, які ўжо за адно гэта варты нашай памяці. На запрашэнне ўладыкі з Вільні прыехаў вядомы ў Вялікім Княстве архітэктар Ян Глаўбіц. Адбудова доўжылася з 1738 да 1750 года. У выніку сабор набыў добра знаёмае нам сучаснае аблічча і стаў помнікам архітэктуры так званага віленскага барока. 3 павагі да старажытных дойлідаў Глаўбіц уштукаваў у новы храм падмурак і часткі сцен ранейшай Сафіі, якая памятала Усяслава Чарадзея і Еўфрасінню.

Яшчэ адно адраджэнне сабора да жыцця палачане святкавалі ўжо ў наш час. У1983 годзе адрэстаўраваны храм стаў музеем і канцэртнай залай з арганам, дзе цяпер выступаюць славутасці з усяго свету. Тут лекуе душу сімфонія архітэктуры і колераў, музыкі і скульп­туры. За ўзнёслыя пачуцці, што ахопліваюць нас у Сафійцы, як з любасцю называюць сабор гараджане, мы павінны быць удзячныя аўтару праекта рэстаўрацыі Валерыю Слюнчанку. (Паводле яго ж праектаў у Полацку аднаўляліся Богаяўленскі і Крыжаўзвіжанскі саборы).

Але вернемся ў XVIII стагоддзе. Межы нашай дзяржавы пасля Паўночнай вайны (за яе гады Беларусь страціла амаль 800 тыс. жыхароў, або кожнага трэцяга) засталіся без змен, аднак рэальны суверэнітэт быў амаль згублены. Тым болып, што «саюзнік» Пётр I дамогся значнага скарачэння войска Рэчы Паспалітай. Яно не павінна было перавышаць 24 тысяч (18 тысяч у Польшчы і 6 тысяч у Вялікім Княстве Літоўскім). Тым часам арміі бліжэйшых суседзяў былі шматкроць болыпымі: у Расіі - 350 тысяч, Аўстрыі - 280 тысяч, Прусіі - 200 тысяч.

Лёс знясіленай войнамі Рэчы Паспалітай быў прадвызначаны. Магутныя суседзі, і найперш Расія, перашкаджалі правядзенню перадавых рэформ, умешваліся ў палітыку радзімы нашых продкаў: накіроўвалі на яе абшары войскі, узводзілі на трон сваіх стаўленікаў.

У 1772 годзе Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі ў Пецярбурзе канвенцыю пра першы падзел Рэчы Паспалітай. Імператрыца Кацярына II забрала сабе Усходнюю Беларусь з той часткай Полацкага ваяводства, што ляжала па правы бок Дзвіны. Рака болып чым на дваццаць гадоў падзяліла Полацк паміж дзвюма дзяржавамі.

Выправіўшыся ў падарожжа па далучаных землях, у траўні 1780 года імператрыца прыбыла ў Полацк. Тут яна наведала адзіную на той час праваслаўную царкву Богаяўленскага манастыра і сабор Святога Стэфана, дзе ўпершыню ў жыцці прысутнічала на каталіцкім набажэнстве. Завітаць да уніятаў у Сафійскі сабор яе імператарская вялікасць падкрэслена «не изволила». Для Кацярыны сабралі звесткі пра горад і Полацкую губерню (яна існавала ў 1776-1796 гадах). Калі ім верыць, суды «отправляли дела с успехом», у губерні не было ніводнага небяспечнага злачынцы-калодніка, а недаборы па падатках складалі ўсяго 20 рублёў. Чыноўнікі дакладвалі царыцы, што пад яе мудрым кіраўніцтвам «умножилось изобилие и дешевизна в съестных припасах, нищие в богадельнях призрены, а больницы заводятся». Ідылію, праўда, парушылі шматлікія скаргі гараджан на адсутнасць медных грошай і залатых ды срэбных манет на размен асігнацый. Яе вялікасць прыкінула свае магчымасці і адлічыла 500 рублёў на Богаяўленскі манастыр, па 100 - на гарадскія школы, па 50 - на губернскія багадзельні і 320 рублёў - на жабракоў. Не ўсё ж аддаваць фаварытам, якія за адну ноч з гасударыняй маглі атрымаць сто тысяч ды яшчэ і графскі тытул упрыдачу.

У траўні 1791 года ў левабярэжнай частцы Полацка гарэла ілюмінацыя - адзначалася прыняцце соймам Рэчы Паспалітай Канстытуцыі, першай у Еўропе і другой у свеце пасля ЗША. Праз Дзвіну, з расійскага боку, на святкаванне насцярожана глядзелі царскія чыноўнікі і вайскоўцы. Туг канстытуцыю бачылі толькі ў страшных снах.

У 1793-м адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога Расія захапіла разам з іншымі тэрыторыямі левабярэжную частку Полацка і ваяводства. Пасля задушэння нацыянальна-вызваленчага паўстання Тадэвуша Касцюшкі і трэцяга падзелу (1795 г.) гістарычны гадзіннік дзяржавы нашых прадзедаў спыніўся. Даўняя мара расійскіх цароў здзейснілася: Беларусь, а разам з ёю Полаччына, стала часткай імперыі, якую трапна называлі жандарам Еўропы і турмой народаў.

Апрача ўсіх іншых новаўвядзенняў на загад Кацярыны II «для упражнения ея в историче­ских сочинениях» з полацкіх і іншых манастырскіх, царкоўных і прыватных бібліятэк у Пецярбург вывозілі гістарычныя хронікі і архівы найбольш славутых беларускіх родаў. Ці не тады канчаткова згубіліся сляды неацэннага Полацкага летапісу?


Яндекс.Метрика