Сайт о Городе и для Города

07. На рубяжы Вялікага Княства

Просмотров: 580
О ГородеАд Полацка пачаўся свет

Автор: Уладзiмір Арлоў ”Ад Полацка пачаўся Свет”


Вялікае Княства спыніла націск тэўтонскіх рыцараў, але пасля некалькіх дзесяцігоддзяў адносна мірнага жыцця сутыкнулася з новым ворагам - на ўсходзе, дзе ўзмацнілася Маскоўскае княства. Вызваліўшыся ад залатаардынскага ярма, Масковія атрымала ў спадчыну і жорсткае адзінаўладдзе, і сляпую падначаленасць «холопов госуда­ревых», і ідэю ўлады над усім светам - «Два Рима пало, а Москва третий есть, а четвертому не быти». Ужо напрыканцы XV стагоддзя Масква заявіла аб прэтэнзіях на Беларусь і Украіну, называючы іх не іначай як «искони русскими землями».

Падставай для вайны магло стаць усё, што заўгодна: напрыклад, нежаданне гаспадароў ВКЛ называць маскоўскіх князёў царамі. Полаччына як усходні рубеж дзяржавы не раз прымала на сябе першыя ўдары. Войны сталі амаль бесперапыннымі. Яны вяліся ў 1492-1494,1500- 1503,1507-1508,1512-1522 гадах. У 1502-м усходнія суседзі спустошылі і спалілі ўсе вёскі паміж Віцебскам і Полацкам. Князь Васіль Шуйскі аддаў Полацк агню ў 1513-м. Наступны раз варожае войска з’явілася пад полацкімі сценамі праз два гады. У траўні 1518-га палачане зноў мусілі частаваць няпрошаных гасцей кіпячай смалой і варам. Замак непрыяцелю ўзяць не ўдалося, але неўмацаваныя пасады згарэлі.

Каб выстаяць, Полацк павінен быў увесь час клапаціцца пра надзейнасць сваёй абароны. У1552 годзе адбылася рэвізія места Полацкага, дакументы якой дайшлі да нашага часу. Горад дзяліўся на шэсць пасадаў, або канцоў. Насупраць Сафійскага сабора на Дзвіне тады існаваў востраў даўжынёю каля вярсты, дзе знаходзіўся манастыр Іаана Прадцечы. Замак быў рублены з хваёвага бярвення і налічваў дзевяць вежаў вышынёй ад 5 да 8 і даўжынёй прыкладна 10 м. У сутоку Дзвіны і Пала­ты стаяла Вусценская вежа з уздымным мостам на ланцугах. Каб ворагі не маглі падпаліць вежы знізу, іх вышэй чалавечага росту абкладвалі дзёрнам. Крыху пазней на Верхнім замку паўстала магутная мураваная вежа, вядомая пад назвай Каралеўская, або Красная. Абнесеныя ровам і валам замкавыя ўмацаванні цягнуліся на 1400 м, агульная ж даўжыня гарадскіх сцен складала на той час 4,8 км. «Полацк на Дзвіне места драўлянае, вялікае, шырокае, парканамі ды густымі астрогамі абгароджанае. Замак у ім з дрэва, але добра ўмацаваны прыродаю. Абведзены ён наўкола сценамі ды вежамі». Такім убачыў наш горад у сярэдзіне XVI стагоддзя італьянец Аляксандр Гваніні, які служыў у войску ВКЛ.

Тады ішла чарговая вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам - Інфлянцкая, або Лівонская. Узімку 1563 года Полацк узяло ў аблогу велізарнае 60-тысячнае войска на чале з самім царом Іванам Грозным. Перад ім ляжаў найбагацейшы горад ВКЛ з 12 манастырамі і 18 храмамі. Зусім невялікі ў параўнанні з непрыяцелем гарнізон здавацца не збіраўся і нават адважваўся на начныя вылазкі. Але сілы былі занадта няроўныя, і пасля двух тыдняў гераічнай абароны полацкі ваявода Станіслаў Давойна згадзіўся здаць замак. Полацкая шляхта і пяцьсот «каронных рыцараў» адмовіліся скласці зброю і адбіваліся яшчэ некалькі дзён, але лёс горада быў вырашаны. Вераломна парушыўшы свае абяцанні, цар аддаў Полацк на разрабаванне. Усіх палачан абвясцілі палоннымі. Католікаў пасеклі шаблямі, іудзеям - ад старых да немаўлят - выпала страшная доля загінуць пад дзвінскім лёдам. Ужо знаёмы нам Аляксандр Гваніні пакінуў звесткі, што Іван Грозны вывеў з горада 50 тысяч палонных, большасць з якіх былі мірнымі жыхарамі. На зімовых дарогах людзей амаль не кармілі, і яны тысячамі паміралі ад голаду і марозу.

На месцы спаленага полацкага пасада заваёўнікі рукамі палачан збудавалі Ніжні замак. (Цяпер там стадыён «Спартак»). У замку жылі толькі царскія ваякі, ад чаго паходзіць іншае яго найменне - Стралецкі. Полацк дагэтуль захаваў яшчэ дзве тагачасныя назвы: Стралецкую вуліцу і вал Івана Грознага. Вал, якім быў абкружаны Ніжні замак, ужо даўно ператварыўся для гараджан у адно з улюбёных месцаў шпацыраў. Асабліва маляўніча гэтая мясціна выглядае тады, калі восень «падпальвае» старыя клёны.

Страта фарпоста еўрапейскай цывілізацыі, якім быў Полацк, і жорсткая расправа з яго абаронцамі і мірным насельніцтвам выклікалі гучны рэзананс у многіх краінах. «Лятучыя лісткі» з апісаннем полацкай трагедыі выходзілі па-англійску, нямецку, французску, чэшску, галандску, лацінску. Менавіта захоп Полацка прыспешыў заключэнне ў 1569 годзе Люблінскай уніі. Вялікае Княства Літоўскае і Польскае каралеўства аб’ядноўваліся ў агульную дзяржаву - Рэч Паспалітую. Праўда, ВКЛ захоўвала не толькі сваю назву і тытул, але і ўласную сістэму дзяржаўных пасадаў, войска, скарб, мытную службу, законы. (У Статуце ВКЛ 1588 г. Люблінская унія нават ні разу не згадвалася).

Полацк быў адваяваны ў маскавітаў толькі ў 1579 годзе войскамі вялікага князя і караля Сцяпана Батуры (Стэфана Баторыя). За час вайны места і ваколіцы так абязлюдзелі, што на адбудову полацкіх умацаванняў бралі сялян з-пад Магілёва.

Як і кожны старажытны горад, Полацк мае сваіх прывідаў - гэтых своеасаблівых удзельнікаў і сведкаў далёкіх, пераважна драматычных падзей. Гісторыя самых даўніх прывідаў звязана якраз з Інфлянцкай вайной. Кажуць, што каля Ксаверыйскіх могілак у месяцавыя ночы можна спаткаць трох мужчын у манаскім адзенні. На пачатку мінулага стагоддзя гарадскія краязнаўцы лічылі іх зданямі каталіцкіх манахаў Адама, Дамініка і Пятра, закатаваных у 1563 годзе царскімі стральцамі.

Тая вайна дадала да шматлікіх полацкіх таямніц адну з самых хвалюючых. Пасля 1579 года знікаюць звесткі пра найкаштоўнейшую бібліятэку Сафійскага сабора, дзе сярод іншых унікальных кніг маглі захоўвацца і граматы Усяслава Чарадзея, і фаліянты, перапісаныя рукою Еўфрасінні. Сёння вядома ўсяго некалькі былых полацкіх кніг і рукапісаў, што трапілі ў замежныя бібліятэкі. Дзе ж астатнія? Арыгінальны адказ дае гістарычна-фантастычная аповесць беларускага гісторыка і пісьменніка Вацлава Ластоўскага «Лабірынты». Яе герой знаходзіць Сафійскую бібліятэку ў падземных хадах, якія ўтвараюць пад Полацкам сапраўдныя лабірынты.

Фантастыка фантастыкай, а існаванне пад сярэднявечным горадам падзямелляў і разгалінаваных хадоў - гістарычны факт. Іх даследаваў і склаў у 1864 годзе падрабязны план археолаг і мастак Дзмітрый Струкаў. Захаваліся апісанні некалькіх падземных экспедыцый, зладжаных на пачатку мінулага стагоддзя. Ход з Богаяўленскага сабора ў бок Дзвіны мы з сябрамі знайшлі ў сярэдзіне 1960-х. Магчыма, вам пашчасціць больш...


Яндекс.Метрика