Сайт о Городе и для Города

06. Загадкі Скарыны

Просмотров: 824
О ГородеАд Полацка пачаўся свет

Автор: Уладзiмір Арлоў ”Ад Полацка пачаўся Свет”


Увосень 1512 года сакратар старажытнага універсітэта італьянскага горада Падуя запісваў у сваю кнігу: «9 лістапада ў біскупавым палацы перад калегіяй найслаўнейшых дактароў мастацтваў і медыцыны выдатны доктар мастацтваў беларус Францыск, сын Лукі Скарыны з Полацка, здаваў экзамен і атрымаў аднадушную ўхвалу прысутных вучоных. Паводле ўсіх правілаў ён быў абвешчаны доктарам медыцынскіх навук і атрымаў знакі доктарскай годнасці».

Напэўна, той вечар Францішкавага жыцця не абышоўся без келіха добрага віна і, вядома ж, успамінаў - пра полацкае дзяцінства, пра філасофскі факультэт Кракаўскай альма-матэр, пра небяспечную дарогу праз некалькі краін сюды, у адзін з самых славутых еўрапейскіх універсітэтаў. Цяпер ён - першы сярод усходніх славян доктар у лекарскіх навуках. Перад ім адкрываюцца велізарныя магчымасці: служба лекарам пры двары кагосьці з уладароў гэтага свету, заняткі навукай, заможнае жыццё... Але Скарына як сапраўдны гуманіст і сын эпохі Рэнесансу рыхтаваў сабе іншы лёс. Магчыма, якраз там, у Падуі, падарожнік з горада асветніцы Еўфрасінні ўмацаваўся ў думцы: ён дасць свайму народу магутную духоўную зброю і найлепшыя лекі - друкаваную кнігу на зразумелай мове.

Першая з яго кніг выйшла ў Празе 6 жніўня 1517 года. Тэта быў «Псалтыр», услед за якім Францішак Скарына выдаў яшчэ 22 перакладзеныя на тагачасную беларускую мову біблійныя кнігі і тым самым увёў Беларусь у сям’ю перадавых еўрапейскіх народаў.

«Біблія» Скарыны з’явілася раней за нямецкую Лютараву. Дзякуючы геніяльнаму палачаніну беларусы атрымалі дру­каваную Кнігу кніг на роднай мове аднымі з першых у Еўропе - раней за рускіх і ўкраінцаў, за літоўцаў і латышоў, за сербаў, балгараў, французаў. Беларуская «Біблія» на восем гадоў апярэдзіла англійскі друкаваны пераклад і амаль на паўстагоддзя - польскі.

Апрача сваіх пражскіх выданняў, у 1522 і 1525 гадах Францішак выпусціў у Вільні «Малую падарожную кніжку» і «Апостала». Заснаваная знакамітым палачанінам Віленская друкарня была першай ва Усходняй Еўропе. Імкнучыся пашырыць святло навукі сярод усходніх суседзяў, Скарына прывёз вялікую партыю сваіх кніг у Маскву, дзе прапанаваў свецкім і духоўным уладарам наладзіць друкарскую справу. Замест удзячнасці ён убачыў, як па загаду маскоўскага князя з ягоных выданняў склалі вялізнае вогнішча. Скарынаў «Псалтыр» убачыў свет за 47 гадоў да кнігі «Апостал» Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, з якой пачалося расійскае кнігадрукаванне.

Скарына ўвайшоў у гісторыю як беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Як пісьменнік, што служыў не эліце, а ўсяму народу. Як выдатны перакладчык з некалькіх старажытных і новых моў. Як рэдактар і выдавец, што дасягнуў найвялікшай гармоніі слова і друкарскага мастацтва.

Як патрыёт, пяру якога належыць самы прачулы за ўсю беларускую гісторыю, геніяльна просты гімн-хваласпеў любові да Бацькаўшчыны:

«Панежэ ад прыраджэння звяры, ходзячыя ў пустыні, знаюць ямы свая, пціцы, лятаючыя па воздуху, ведаюць гнёзды свая, рыбы, плываючыя па мору і рэках, чуюць віры свая, пчолы і тым падобная бароняць вулляў сваіх, - така ж і людзі, ігдзе зрадзіліся і ўскормлены суць па Бозе, к таму месту вялікую ласку імаюць».

Ён аздобіў свае кнігі высокамастацкімі гравюрамі, па якіх можна вывучаць тагачаснае полацкае і беларускае жыццё - побыт, адзенне, тэхніку будоўлі.

Смела адступаючы ад канонаў, Скарына змясціў у Бібліі ўласны партрэт. Нават самога Бога чытачы ўбачылі без узаконенага німбу. За парушэнне царкоўных правілаў выдання Бібліі Скарыну маглі не меней за трынаццаць разоў спаліць на вогнішчы як ератыка.

Скарынава жыццё было напоўненае падарожжамі па Еўропе, узлётамі да вышыняў славы і горкімі расчараваннямі. У ім адлюстравалася ўся тая вірлівая, авантурная і стваральная эпоха. Ён сустракаўся з Лютэрам і дыскутаваў з сусветна вядомым медыкам і алхімікам Парацэльсам. Быў сакратаром і лекарам у віленскага біскупа Яна. Запрашаўся ў Кёнігсберг на службу да апошняга магістра Тэўтонскага ордэна Альбрэхта Брандэнбургскага, які надаў яму шляхецкія правы. Браў удзел у складанні Статуту ВКЛ 1529 года.

За братавы даўгі крэдыторы пасадзілі доктара Францішка ў турму, адкуль яго вызваліў сам вялікі князь Жыгімонт Стары. Прызнаючы неацэнныя заслугі Скарыны перад Айчынай, манарх даў яму адмысловы прывілей, дзе гаварылася: «Забаранлю ўмешвацца ў ягоныя справы, учыняць яму хоць які гвалт, змушаць да выканання павіннасцяў ці гарадскіх службаў нароўні з іншымі жыхарамі таго места, якое ён сам абярэ для жыцця».

Такім местам неўзабаве пасля вяртання на волю для Францішка Скарыны стала Прага, дзе ён і скончыў свой зямны шлях, пакінуўшы мноства загадак і таямніц. Дагэтуль дакладна невядома, ні калі самы славуты з палачан прыйшоў на свет, ні калі навекі заручыўся з зямлёю. Невядома, у каго ён служыў сакратаром перад экзаменам у Падуі - у караля Даніі ці ў гаспадара Дацыі (Валахіі). Невядома, хто ствараў да ягоных кніг гравюры. (Некаторыя скарыназнаўцы лічаць, што першадрукар быў і выдатным мастаком). Вучоныя спрачаюцца пра яго веравызнанне, пра час паступлення ў Кракаўскі універсітэт, пра тое, хто ж у сапраўднасці займаў у чэшскага караля пасаду садоўніка - беларус Францішак Скарына ці італьянец Франчэска Банафардэ...

У Полацку пасля Музея беларускага кнігадрукавання вы прыйдзеце да велічнага помніка Скарыну на самай прыгожай гарадской плошчы. Калі экскурсавод забудзе вам гэта сказаць, памятайце, што полацкі помнік - не адзіны. Другі - у дворыку Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Мінску, трэці - у Лідзе, чацвёрты - у Калінінградзе-Кёнігсберзе, пяты - у Празе. Скарына вярнуўся ў чэшскую сталіцу ў 1996 годзе і застыў у бронзе паблізу ад кара- леўскага замка на Градчанах.

Калі вам пашчасціць трапіць у Падую, абавязкова наведайце універсітэцкую мема- рыяльную залу, якая яшчэ называецца «Залай сарака». Там сярод фрэскавых партрэтаў 40 знакамітых дзеячоў еўрапейскай навукі, што выйшлі са сцен Падуанскай альма-матэр, недалёка ад выяваў Галілео Галілея і Мікалая Каперніка вы ўбачыце чалавека ў мантыі, аздобленай залатой ніткай і футрам гарнастая. Яго твар будзе свяціцца розумам, рашучасцю і духоўнай чысцінёю. Над партрэтам вы прачы- таеце надпіс на лаціне: «Францыск Скарына з Полацка».


Яндекс.Метрика