Сайт о Городе и для Города

05. У новай дзяржаве

Просмотров: 670
О ГородеАд Полацка пачаўся свет

Автор:  Уладзiмір Арлоў ”Ад Полацка пачаўся Свет”


Пры канцы XII стагоддзя ў Полацку ўладарыў князь Валодша (Уладзімір). У той самы час у вусці Дзвіны высадзіліся нямецкія рыцары, святары і купцы. У 1201 годзе яны заснавалі горад Рыгу, ператварыўшы яго ў моцную фартэцу. Неўзабаве там быў створаны ордэн мечаносцаў, назва якога паходзіла ад выявы чырвонага мяча і крыжа над ім на белых рыцарскіх плашчах. Населенае балтамі і вугра-фінскімі плямёнамі Ніжняе Падзвінне задоўга да з’яўлення немцаў знаходзілася пад уладай Полацка і плаціла яму даніну. Прасоўванне крыжакоў на ўсход сутыкнулася з дзяржаўнымі інтарэсамі Полацкай зямлі. Усе трыццаць гадоў свайго княжання (1186-1216) Валодша, якога нямецкія хронікі называюць «каралём Вальдэмарам», вёў зацятую барацьбу з рыцарамі і не дазволіў ім ступіць на крывіцкія землі. Князь нечакана памёр якраз напярэдадні новага вялікага паходу на Рыгу- найверагодней, быў атручаны крыжацкімі агентамі. Стрымліваць далейшы націск крыжакоў Полацку дапамог саюз з Ноўгарадам. У1239 годзе ноўгарадскі князь Аляксандр Яраславіч павянчаўся з дачкой полацкага князя Брачыслава Аляксандрай. 

Бітва ноўгарадскага князя Аляксандра Яраславіча са шведамі на Няве ў 1240 г. Ваяр з узнятым над галавой мячом - герой той сечы Якаў Палачанін. Сярэднявечная гравюра

Праз год полацкая дружына дапамагла ноўгарадцам здабыць перамогу над шведскімі рыцарамі на Няве, пасля чаго Аляксандра і пачалі называць Неўскім. У той «сечы вялікай» здабыў славу палачанін Якаў. Летапіс паведамляе, што, узброены адным мячом, ён бліскуча вытрымаў бой з некалькімі дзесяткамі рыцараў. Полацкія ратнікі складалі разам з віцяблянамі траціну ўсяго славянскага войска і ў Лядовым пабоішчы на Чудскім возеры. Тады ж беларускія землі сутыкнуліся з новым ворагам - мангола-татарамі. Да з’яўлення на нашых межах усходнім заваёўнікам удалося падпарадкаваць сабе велізарныя абшары - ад Кітая да Усходняй Еўропы. Але, адрозна ад рускіх земляў, беларускія княствы захавалі сваю незалежнасць і не зведалі цяжкога татарскага прыгнёту. Гэтаму спрыяла ўзнікненне ў сярэдзіне XIII стагоддзя новай еўрапейскай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Яго стваральным ядром сталі прынёманскія беларускія землі, а першай сталіцай - Новагародак (Навагрудак). Перад двайной пагрозай - татараў з усходу і нямецкіх рыцараў з захаду - у склад новай дзяржавы паступова і добраахвотна ўваходзілі іншыя беларускія княствы. Полацкая зямля мірным шляхам і на ўмовах значнай самастойнасці стала часткай Вялікага Княства ў 1307 годзе. Палачане неаднаразова атрымлівалі ад вялікіх князёў пісьмовыя гарантыі «не рухаць старыны, не ўводзіць навіны», што азначала захаванне ранейшых звычаяў і традыцый кіравання. Напачатку становішча Полацкай зямлі ў ВКЛ нагадвала палітычны альянс. Дамова, якую Вялікае Княства падпісала з Лівонскім ордэнам у 1338 годзе, называе полацкага князя, як і гаспадара ўсёй дзяржавы, каралём: «Гэты мір заключаны са згоды магістра і рады Рыжскай, і са згоды караля Літвы, і са згоды епіскапа полацкага і караля полацкага». Тры стагоддзі Полацк заставаўся найбуйнейшым горадам ВКЛ.

"Пагоня" на княскай пячатцы Аллксандра Неўскага. Старажытны крывіцкі герб ён атрымаў у якасці своеасаблівага пасагу пасяя вянчання з полацкай князёўнай Аляксандрай

Цікава, што «Пагоня», якая стала гербам дзяржавы ў канцы XIII ста­годдзя, насамрэч болып старажытная і паходзіць з Полацка. Яе выява змяшчалася на пячатках Аляксандра Неўскага, што атрымаў даўнейшы крывіцкі герб у якасці своеасаблівага пасагу ад жонкі - полацкай князёўны. Вядомы расейскі гісторык В. Тацішчаў, які карыстаўся страчаным пазней Полацкім летапісам, сцвярджаў, што «гербам Беларусі спрадвеку быў вершнік з мячом». Прызнаннем асобага месца Полацкай зямлі ў ВКЛ былі свае князі, што звычайна даводзіліся блізкімі сваякамі самім гаспадарам (так афіцыйна менавалі вялікіх князёў). Полацкі ўладар Васіль-Воін быў родным братам Гедыміна, пры якім у Вялікае Княства ўвайшлі ўжо амаль усе беларускія землі, а Новагародак саступіў ролю сталічнага места Вільні. Дарэчы, заснаванне Вільні гаспадаром Гедымінам - не болып чым прыгожая легенда. На гэтым месцы ўжо трыста гадоў стаяў збудаваны палачанамі на заходняй мяжы свайго княства Крывіч-горад. Прыязджаючы кіраваць у Полацк, усе князі-балты былі абавязаныя мяняць сваю веру на праваслаўе. Калі князь Скіргайла адступіў ад завядзёнкі і вырашыў застацца паганцам, раз’юшаны натоўп палачан прывязаў яго задам наперад да старой кабылы і пагнаў тую да гарадской брамы. У Прыдзвінні дагэтуль жывая прымаўка «Паехаў, як Скіргайла з Полацка».

У сярэдзіне XIV стагоддзя полацкі пасад займаў Гедымінаў унук Андрэй, сын вялікага князя Альгерда.

Вялікі князь Альгерд ушчэнт разграміў татар на рацэ Сінія Воды. У той бітве перамогу здабывалі і полацкія ваяры

 У 1362 годзе Альгердава войска, у якім было нямала палачан, на рацэ Сінія Воды (прыток Паўднёвага Буга) ушчэнт разграміла велізарную татарскую арду. Гэта была першая ва ўсёй Еўропе буйная перамога над азіяцкімі заваёўнікамі. У выніку яе ад татар былі вызваленыя ўкраінскія землі. Бліскучы поспех Альгерда на Сініх Водах стаў натхняльным прыкладам для тых, хто яшчэ цярпеў залатаардынскае ярмо, і падрыхтаваў наступную вялікую перамогу -  над ханам Мамаем на Куліковым полі.

Андрэй Альгердавіч, які тады быў саюзнікам маскоўскага князя Дзмітрыя, прывёў з сабой на Кулікова поле дзве тысячы полацкіх

ратнікаў і камандаваў правым флангам славянскага войска. Як сведчаць летапісы, на шостай гадзіне бітвы «полк левай рукі» і палова «вялікага палка» паказалі татарскім шаблям спіны. Правы фланг з палачанамі, у шэрагах якіх біўся князь Андрэй, стаяў насмерць, пакуль у сечу не ўступіў засадны полк. Затым яны разам перайшлі ў наступ, што і прадвызначыла перамогу.

Грунвальдская бітва. Цэнтральная частка трыпціха. Мастак Міхась Басалыга

Але непараўнальна больш важнай для дзяржавы нашых продкаў была іншая перамога - пад Грунвальдам, якая спыніла 200- гадовую агрэсію нямецкіх рыцараў на ўсход. 15 ліпеня 1410 года злучаныя сілы ВКЛ і Польскага каралеўства разбілі там адну з наймацнейшых у той час армію агрэсіўнага Тэўтонскага ордэна.

Большая частка з 40 палкоў - харугваў Вялікага Княства прыйшла на чале з князем Вітаўтам з беларускіх зямель (30 з іх мелі на сцягах «Пагоню»). Полацк як найбуйнейшы горад княства выставіў адну з самых вялікіх харугваў - каля дзвюх тысяч ваяроў. На яе сцягу паміж залатым (жыццё) і чорным (нябыт) палямі таксама ляцела «Пагоня». Палачанам разам з віленцамі выпала прыкрываць адыход нашых пасечаных палкоў. Кожны біўся супроць пяці нямецкіх рыцараў князя Валенрода і амаль не меў надзеі выжыць...

Пасля Грунвальда ВКЛ стала вялікім не толькі па назве і тэрыторыі (болей за 900 тыс. кв. км), але і па сваёй палітычнай вазе ў Еўропе. Галоўную ролю ў Вялікім Княстве адыгрывалі беларускія землі. Нашым продкам належала болыпасць найвышэйшых дзяржаўных пасад. Землі, населеныя балтамі (продкамі сучасных літоўцаў), займалі ў ВКЛ менш за 1/15 тэрыторыі і мелі 1/20, або 5 працэнтаў яго насельніцтва. Дзяржаўнай мовай княства была старабеларуская. На ёй вялося справаводства ў вялікакняскай канцылярыі і судах, выдаваліся законы і прывілеі. Як паведамляў пасол Тэўтонскага ордэна, князь Вітаўт разам са сваім дваром гаварыў па-беларуску. Вялікае Княства было ўсходнім аванпостам адзінага еўрапейскага свету. У Масковіі набірала сілў самаўладдзе, а дзяржаўны лад ВКЛ можна назваць парламенцкай манархіяй. Уладу князя абмяжоўваў своеасаблівы тагачасны парламент з дзвюх палат - Рады і Сойму. Беларускія гарады жылі паводле магдэбургскага права на самакіраванне, якое Полацк атрымаў 7 кастрычніка 1498 года. 3 тае пары ў горадзе гаспадарыў магістрат. Ён чыніў суд, збіраў падаткі, сачыў за правільнасцю мераў і вагаў на рынках. У магістраце засядала гарадская рада з дваццаці чатырох радцаў на чале з чатырма бурмістрамі. Вялікі князь прысылаў гораду свайго прадстаўніка - войта, але той мусіў прысягнуць на крыжы, што будзе служыць Полацку. Toe самае рабіў прызначаны са згоды гараджан ваявода. (Полацкае ваяводства было ўтворанае ў 1504 годзе).

Полацк са сваімі 100 тысячамі жыхароў уваходзіў у лік самых буйных еўрапейскіх гарадоў. Гандлёвага мыта тут на пачатку XVI стагоддзя збіралі ў 25 разоў болей, чым у таксама немалой Гародні. Дарэчы, на знак прызнання выдатнай ролі Полацка ў дзяржаве яго жыхары на ўсім абшары ВКЛ ад выплаты мыта вызваляліся. Полацкія рамеснікі і купцы дзеля абароны сваіх інтарэсаў, як і ва ўсёй Еўропе, аб’ядноўваліся ў цэхі, якія можна назваць сярэднявечнымі прафсаюзамі. Каб стаць сапраўдным майстрам, рамеснік павінен быў прайсці шмат прыступак і нарэшце здаць экзамен - «зрабіць штуку». Прыдзірлівыя калегі часта крывіліся, не хочучы прызнаваць чужую «штуку» сапраўдным шэдэўрам майстэрства. Тады, паводле цэхавай традыцыі, даводзілася даставаць з гаманца пятнаццаць злотых і клікаць экзаменатараў у карчму.

Корчмы, дарэчы, былі ўстановамі вельмі дэмакратычнымі. I мешчанін, і шляхціч, і селянін пачуваліся тут раўнёю. У карчме продкі прызначалі важныя сустрэчы, спраўлялі святы, дзялілі чубы з непрыяцелямі. Гэтыя вясёлыя і разам з тым небяспечныя дамы стаялі пры дарогах, на скрыжаваннях, каля мастоў і перавозаў. Паколькі ў прыдзвінскіх корчмах адбывалася нямала важных падзей, гістарычньм дакументы захавалі іх дасціпныя назвы: Пагулянка, Пачакай, Зладзейка, Апошні грош...

Апрача рамесніцкіх цэхаў, у Полацку, як і ў іншых гарадах Вялікага Княства, існавалі моцныя аб’яднанні гараджан-месцічаў, якія ствараліся пры манастырах і цэрквах і называліся брацтвамі. Братчыкі будавалі храмы, сірочыя прытулкі і багадзельні, адкрывалі друкарні і школы. Вядомасцю ў дзяржаве карысталася полацкае праваслаўнае брацтва пры Богаяўленскім манастыры. У яго статуце была запісана галоўная мэта - «працаванне супольнае брацкае дзеля душы збавення».

Улетку брацтва наладжвала традыцыйную «пілігрымку» - паломніцтва ў святыя мясціны. Гаворка ішла не пра Ерусалім, а пра нейкае недалёкае ад горада месца, дзе калісьці з’явілася Багародзіца або прычынілася яшчэ якое дзіва. Братчыкі закуплялі колькі ялавак, дзесятак бараноў, варылі піва і мёд, грузілі на вазы харч і кухарскае прычындалле і па чатыры ў рад, пад музыку і спевы ўрачыста выходзілі з гарадской брамы. Адолеўшы палову шляху, маляўнічая працэсія спынялася на першую папаску каля вогнішча.

Цікава, што абавязковым дадаткам да брацкага статута былі зацверджаныя на агульным сходзе і ўхваленьм царквой правілы этыкету. Гэтая «Навука прыстойнасці», у прыватнасці, патрабавала: «1. Не класці локцяў на стол, не адварочвацца задам да суседа. 2. Не кідаць пад стол абгрызеных костак. 3. Не крычаць і не перабіваць субяседніка. 4. Не гаварыць з напоўненым ядой ротам. 5. Не прыносіць з сабой на банкет ніякага свайго пітва». Здаецца, некаторыя з брацкіх правіл не састарэлі да сёння.

Вельмі значная частка гараджан, у тым ліку і людзей простага зван­ия, была пісьменная. Палачане чыталі не толькі рэлігійную, але і свецкую літаратуру, напрыклад, перакладзеньм на старабеларускую мову «Аповесць пра Трою», або прыгодніцкі раман «Александрыя», дзе апавядалася пра Аляксандра Македонскага. Горад меў сваіх астролагаў- звездароў і алхімікаў, якіх на нашых землях называлі чарнадзеямі.

У XVI стагоддзі болынасць палачан захоўвала веру продкаў, аднак паміж праваслаўнымі з’явіліся ўжо католікі, лютэране і кальвіністы.

У горадзе знаходзілі гасцінны прытулак ерэтыкі з Маскоўскай дзяржавы. Дзесяць гадоў тут жыў і прапаведаваў вучань вядомага расійскага вальнадумца Феадосія Касога - Фама, што, як і настаўнік, уцёк у Беларусь ад вернае смерці.

Полацкае права уплывала на агульнадаяржаўнае заканадаўства Вялікага Княства, у тым ліку і на Статут 1588 г., самы перадавы збор законаў у тагачаснай Еўропе. Паводле гэтага Статута горад жыў да 1830 г.

Грунтоўна распрацаванае полацкае права паўплывала на прыняты ў 1588 годзе III Статут ВКЛ, што быў найболын перадавым і дасканалым зборам законаў у тагачаснай Еўропе. Паводле яго Полацк жыў ажно да 1830 года. Статут абараняў правы ўсіх жыхароў, незалежна ад веравызнання. Кожны вольны чалавек меў права выехаць за мяжу. Прыродныя багацці Статут бараніў значна лепей за некаторыя сучасныя законы.

За разбурэнне сакалінага або лебядзінага гнязда злачынца плаціў ад трох да шасці коп грошай, за адлоў ці адстрэл бабра - ад дзвюх да чатырох. (Дзеля параўнання: рабочы вол або жарабец каштавалі тады дзве капы).

У параўнанні з Масковіяй, дзе, на вялікі жаль, не было агульнаеўрапейскай эпохі Рэнесансу, жыхары ВКЛ мелі нязмерна больш правоў і духоўнай свабоды, значна шырэйшыя магчымасці атрымаць адукацыю. Да заснавання Віленскай акадэміі тысячы юнакоў з Беларусі здабывалі асвету ва універсітэтах Чэхіі, Нямеччыны, Польшчы, Італіі, Швейцарыі, Францыі. Сярод іх было шмат палачан. У спісах студэнтаў Пражскай альма-матэр на мяжы XV-XVI стагоддзяў можна сустрэць імёны Івана Багдановіча, Мацвея, Пятра і яшчэ аднаго Івана з Полацка. Тады ж магістр-палачанін Ян чытаў студэнтам кракаўскага Ягелонскага універсітэта курс лекцый па творах Цыцэрона. Але самым славутым з тых, хто паехаў па навуку, стаў сын полацкага купца Лукаша Скарыны, Францішак.


Яндекс.Метрика