Сайт о Городе и для Города

04. Нібы прамень сонечны

Просмотров: 913
О ГородеАд Полацка пачаўся свет

Автор: Уладзiмір Арлоў  ”Ад Полацка пачаўся Свет”


У гісторыю ўвайшло шмат Усяслававых нашчадкаў, але найболыпую славу пасля Чарадзея прынеслі Полацку не князі-ваяры. Зрабіць гэта лёс наканаваўяго ўнучцы Еўфрасінні. Яна стала нябеснай апякункаю Беларусі, а ў зямным жыцці была адной з самых адукаваных жанчын таго часу ва ўсёй Еўропе. Выдатную асветніцу аўтар яе «Жыція» параўноўваў з арлом, што, «лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду да ўсходу і, нібы прамень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую». Але пра ўсё па парадку.

Дзяўчынцы, якая нарадзілася каля 1104 года ў Полацку, далі старажытнае імя Прадслава. Яе бацькам быў малодшы сын Усяслава Чарадзея Святаслаў-Георгі.

Унучка славутага крывіцкага князя з ранніх гадоў уражвала ўсіх прыгажосцю і здольнасцю да навукі. У тым часе дзяцінства было кароткае: дванаццацігадовыя князёўны часта ішлі пад вянец. Такая доля чакала і Прадславу, але яна абрала іншы шлях. Пад імем Еўфрасінні князёўна таемна ад бацькоў прыняла манаскі пострыг, каб прысвяціць жыццё духоўнаму ўдасканаленню.

За манастырскімі сценамі яна змагла цалкам аддацца кнігам. Апрача Бібліі, юная Хрыстова нявеста чытала творы рымскіх і візантыйскіх багасловаў, славянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфодзія, вывучала Нестараву «Аповесць мінулых гадоў» і візантыйскія хронікі сусветнай гісторыі. Да рук Еўфрасінні траплялі філасофскія трактаты, у тым ліку, як мяркуюць гісторыкі, і працы Арыстоцеля і Платона.

Пасяліўшыся ў келлі Сафійскага сабора, князёўна, як паведамляе «Жыціе», «пачала кнігі пісаць сваімі рукамі». Праца перапісчыка была настолькі фізічна цяжкая, што ёю займаліся толькі мужчыны. Разам з перапісваннем царкоўных кніг, хронік, папулярных тады зборнікаў афарызмаў пяро асветніцы магло выводзіць радкі Полацкага летапісу. Еўфрасіння пісала і ўласныя творы - малітвы, павучанні, а таксама перакладала з грэчаскай і лацінскай моў. Гледзячы ў хвіліны адпачынку на шырокую і нястрымную Дзвіну, яна марыла пра час, калі перапісваннем кніг будуць займацца ў Полацку не адзінкі, а дзесяткі пісьменных людзей. Мары здзейсніліся, калі Еўфрасіння заснавала жаночы, а потым мужчынскі манастыры.

Жаночы Спасаўскі, першай ігуменняй якога была сама Еўфрасіння, без вялікага клопату знойдзе ў Полацку любы падарожнік. (Туды вядзе вуліца, названая імем Еўфрасінні). Ад мужчынскага манастыра Багародзіцы аніякіх слядоў не засталося, аднак гісторыкі мяркуюць, што ён знаходзіўся прыкладна на тым месцы, дзе цяпер гарадскія Ксаверыйскія могілкі. Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр на працягу стагоддзяў перажываў і ўзвышэнні і заняпад. Мала хто ведае, што ад 1579 да 1820 года ён належаў ордэну езуітаў. У савецкі час манастыр двойчы зачынялі, а яго аднаўленне адбылося ў 1990-м.

Еўфрасіння стварыла ў манастырах адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг - скрыпторыумы, а таксама іканапісную майстэрню.

У адкрытых ігуменняй школах юньш палачане апрача царкоўнаславянскай, вучылі грэчаскую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі з гісторыі, прыродазнаўства і медыцыны. 3 найболып здольнымі праводзіліся заняткі па паэтыцы і рыторыцы - навуцы красамоўства. Сярод тых, хто атрымліваў выдатныя ўрокі красамоўства ад самой ігуменні, напэўна, пашчасціла быць і аўтару «Жыція» Еўфрасінні.

Дзякуючы яму мы таксама маем магчымасць ацаніць літаратурны і прамоўніцкі талент асветніцы: «Вось сабрала вас, нібы птушанятаў, пад крылы свае і на пашы, нібы авечак, каб вы пасвіліся ў Божых наказах. А я з лёгкім сэрцам стараюся вучыць вас і дождж вучэння на вас праліваю! Але ж нівы вашыя стаяць, не ўзыходзячы»...

Нястомна збіраючы вакол сябе таленты, Еўфрасіння стала нашай першай мецэнаткай. На яе замову полацкі дойлід Іаан у 50-х гадах XII стагоддзя ўсяго за трыццаць тыдняў збудаваў царкву Спаса - найвыдатнейшы помнік полацкай архітэктурнай школы. Гэты храм, які шчасліва захаваўся да нашых дзён, хочацца параўнаць з лілеяй у цёплай затоцы блізкай Палаты, з казачнай птушкай на зялёным поплаве, з журботна-светлай мелодыяй...

Наватарскія ідэі Іаана, натхняльніцай і фундатаркай якога была князёўна-ігумення, пашыраліся ў суседніх княствах. Напрыканцы
XII стагоддзя полацкія дойліды ўзвялі ў Смаленску сабор АрхангелаМіхаіла і гэтым заклалі асновы смаленскай архітэктурнай школы. Прыкладна ў той самы час палачане пабудавалі ў Ноўгарадзе славутую царкву Пятра і Паўла на Сінічай гары.

Еўфрасіння была замоўцай унікальных фрэсак Спасаўскай царквы, якія і сёння ўражваюць неверагодным багаццем фарбаў, псіхалагічнай глыбінёй і эмацыянальнасцю. Асабліва хвалююць жаночыя вобразы і сярод іх - твар святой на паўночна-заходнім гранёным слупе, што падтрымлівае хоры. Дапытлівы позірк глыбокіх вачэй выпрабоўвае, выклікае на роздум пра годнасць чалавека і сэнс яго існавання. Нядзіва, іпто гэтую фрэску называюць верагодным партрэтам самой асветніцы.

Паглядзіце ў глыбокія праніклівыя вочы на гэтай фрэсцы XII ст. Відаць, нездарма некаторыя даследчыкі лічаць яе верагодным партрэтам ігуменні Еўфрасінні

У1161 годзе полацкі майстар-ювелір Лазар Богша стварыў для храма Спаса знакаміты Крыж, шэдэўр нашага старажытнага  мастацтва, які стаў нацыянальнай святыняй Беларусі. Лёс Крыжа Еўфрасінні Полацкай варты гістарычнага дэтэктыўнага рамана. Яго шмат разоў вывозілі, вярталі, выкрадалі і замуроўвалі ў сценах Сафійскага сабора...

Апошні раз святыня знікла ўлетку ваеннага 1941 года І, найверагодней, трапіла ў расейскія музейныя сховішчы. Ужо ў нашы дні вобраз Крыжа святой Еўфрасінні на аснове малюнкаў, фотаздымкаў і апісанняў арыгінала ўзнавіў мастак-ювелір Мікола Кузьміч. Ягоны твор вы можаце ўбачыць у Спасаўскім манастыры па нядзелях і на хрысціянскія святы.

На схіле жыцця Еўфрасіння здзейсніла паломніцтва ў Святую Зямлю. Там у 1167 годзе і завяршыўся яе зямны шлях. Асветніцу пахавалі ў Ерусаліме, але праз дваццаць гадоў перанеслі мошчы ў Кіева-Пячорскую лаўру. Толькі ў 1910-м яны былі ўрачыста дастаўленыя ў заснаваны выдатнай палачанкаю манастыр.

Еўфрасіння стала першай усходнеславянскай жанчынай, кананізаванай праваслаўнай царквой. Паводле даўняй традыцыі полацкую князёўну-ігуменню прызнае святой і каталіцкая царква. Дзень памяці св. Еўфрасінні Полацкай адзначаецца 5 чэрвеня (новага стылю). Тады ў Полацк сыходзяцца і з’язджаюцца тысячы паломнікаў з Беларусі і іншых краін.

Але прыйсці да Еўфрасінні можна ў любы дзень. Пакланіцеся яе мошчам, паглядзіце ў праніклівыя вочы на фрэсцы. Падыміцеся ў келлю святой, дзе так узнёсла думаецца пра вечнасць хараства, пра чалавечае прызначэнне на гэтай зямлі.

У1910 г. адбылося ўрачыстае перанясенне мошчаў Еўфрасінні з Кіева-Пячорскай лаўры ў Полацк. Хрэсны ход са святыняй выходзіць з Мікалаеўскага сабора ў Спасаўскі манастыр



Яндекс.Метрика