Сайт о Городе и для Города

03. Час Чарадзея

Просмотров: 688
О ГородеАд Полацка пачаўся свет

Автор:  Уладзiмір Арлоў ”Ад Полацка пачаўся Свет”


Сын Рагнеды Ізяслаў застаўся ў гісторыі як чалавек набожны і вялікі кніжнік. Ён увёў у Полацку пісьменства і навучанне грамаце, стаў нашым першым асветнікам. За часамі Ізяслава Полацкая зямля зрабілася часткаю хрысціянскага свету. Новая вера была принятая без гвалту і, магчыма, прыйшла сюды непасрэдна з Візантыі.

Адрозна ад бацькі, занятага мірнымі клопатамі, князь Брачыслаў Ізяславіч, які ўладарыў у 1003-1044 гадах, здзейсніў некалькі пераможных паходаў, у тым ліку на Ноўгарад, і значна пашырыў межы княства. Кіеўскі князь Яраслаў Мудры вымушаны быў прызнаць незалежнасць Полацкай зямлі і нават аддаў Брачыславу гарады Віцебск і Усвят, якія яшчэ больш умацавалі пазіцыі Полацка на гандлёвым шляху «з варагаўу грэкі». Але найвышэйшага ўздыму Полацк і наша першая дзяржава дасягнулі пры наступным полацкім уладары - Усяславе Брачыславічы, празваным Чарадзеем.

Таямніца ахутвае ўжо яго прыход на свет, што адбыўся найвера- годней у 1029 годзе. Летапісы паведамляюць, нібыта найславуцейшы з полацкіх князёў нарадзіўся «ад валхвавання», гэта значыць пры ўдзеле паганскіх чараўнікоў-«валхвоў». Сучаснікі і нашчадкі верылі, што неба надзяліла Усяслава вешчай душою і здольнасцю ператварацца ў ваўка ці сокала. Энергія і розум полацкага князя, а таксама яго поўнае прыгод жыццё натхнялі гусляроў і складальнікаў былін. Пра Усяслава Брачы- славіча як пра выдатнага дзяржаўнага мужа і палкаводца натхнёна пісаў аўтар «Слова пра паход Ігаравы».

У час уладарання Усяслава (1044 -1101) на стромкім беразе Дзвіны падняўся грандыёзны шматкупальны Сафійскі сабор, трэці такі храм на ўсходнеславянскіх землях. Сімвалізуючы роўнасць крывіцкай сталіцы з Кіевам і Ноўгарадам, Сафія ўвасабляла незалежнасць Полацкага княства. Сабор быў сэрцам старажытнабеларускай дзяржавы. Там не толькі маліліся, але і прымалі замежных паслоў, абвяшчалі вайну і пад- пісвалі мір, захоўвалі дзяржаўны скарб і заснаваную князем Ізяславам бібліятэку. Там складаўся Полацкі летапіс, сляды якога, на вялікі жаль, згубіліся ў XVIII стагоддзі. Каля сцен сабора палачане збіраліся на вечавыя сходы, дзе вырашаліся галоўныя дзяржаўныя справы.

Пражыўшы два першыя дзесяцігоддзі княжання ў міры з суседзямі, Усяслаў пера- йшоў да, кажучы сучаснай мовай, актыўнай знешняй палітыкі. У1066 годзе ён зрабіў імклівы паход на Ноўгарад і вярнуўся пера- можцам, прывёзшы з сабой сярод астатняй здабычы знятыя з ноўгарадскай Сафіі званы. Праз некалькі месяцаў полацкая дружына здзейсніла яшчэ адзін паспяховы паход - на Новагародак (цяперашні Навагрудак), які тады належаў Кіеву.

Гэтыя перамогі ўстрывожылі трох сыноў Яраслава Мудрага. Бітва Усяслава з варожым войскам адбылася ў 1067 годзе паблізу Менска на рацэ Нямізе. «I была сеча жорсткая, і шмат ваяроў палегла», - занатаваў летапісец. Хоць і дарагой цаной, але Чарадзей абараніў дзяржаву, змусіўшы Яраславічаў адвесці войскі. Кіеўскія князі, не здолеўшы дасягнуць свайго ў адкрытым баі, неўзабаве запрасілі Усяслава на перамовы. Парушыўшы клятву на крыжы, яны захапілі Чарадзея разам са старэйшымі сынамі ў палон і кінулі ў кіеўскую вязніцу. Але ў 1068 годзе ў Кіеве пачалося паўстанне, удзельнікі якога вызвалілі полац- кага ўладара і абвясцілі яго вялікім князем кіеўскім.

Праз сем месяцаў Усяслаў вярнуўся на радзіму і пасля зацятага змагання цалкам вызваліў Полацкае княства. У1078 годзе продкі атрымалі надзвычай важную перамогу над злучанымі сіламі паўднёвых княстваў, ноўгарадцаў і полаўцаў, якія вёў на нашу зямлю Уладзімір Манамах.

Полацкае княства было тыповай для сваёй эпохі еўрапейскай ранне- феадальнай дзяржавай. Сваёй тэрыторыяй яно адпавядала такім тага- часным краінам, як герцагства Баварскае або каралеўства Партугаль- скае. Апрача сталіцы, Полацкая зямля налічвала яшчэ паўтара дзесятка гарадоў: Віцебск, Менск, Орша, Заслаўе, Барысаў, Браслаў, Лукамль, Лагойск... Улада Усяслава Чарадзея і яго наступнікаў пашыралася на ніжняе Падзвінне да самага Балтыйскага мора. Гэта значыць, што Полацкае княства было марской дзяржавай. Усе спробы далучыць яго да Кіеўскай Русі нязменна заканчваліся правалам. Наша першая дзяржава заставалася незалежнай і адыгрывала важную ролю ва Усходняй Еўропе. Камусьці можа здавацца, што тут усё адно былі «еўрапейскія задворкі», але, напрыклад, візантыйскія базілеўсы са знакамітага дому Камнінаў так не лічылі. Захаваліся сведчанні, што дачка Усяслава Чарадзея стала жонкаю імператара Аляксея Камніна. Князёўна Сафія дачка яшчэ аднаго Рагвалодавіча - князя менскага і полацкага, Валадара - у 1157 годзе ўзяла шлюб з каралём Даніі Вальдэмарам I. Яе дзеці сядзелі на дацкім, шведскім і французскім тронах.

Аднак гісторыя - гэта не толькі імператары, князі ды іх акружэнне. Якім жа было ў тыя часы жыццё простых людзей?

Палачане жылі ў хатах з хваёвага (радзей яловага) бярвення. Плошчай тыя будынкі былі трохі меншыя за нашы цяперашнія кватэ- ры - ад 12 да 25 квадратных метраў. Дамы стаялі вельмі шчыльна і мелі маленькія падворкі. Вуліцы масціліся бёрнамі і драўлянымі плахамі. Сям-там трапляліся лазні: продкі таксама ўмелі цаніць асалоду ад распаранага бярозавага ці дубовага веніка.

Кожная эпоха пакідае на зямлі, дзе жыве чалавек, свой слой, які археолагі называюць культурным. Гэты своеасаблівы летапіс нярэдка не менш цікавы за пісаную хроніку. Таўшчыня такога «фаліянту» на полац- кім Верхнім замку дасягае шасці метраў.

Археолагі падлічылі, што ў горадзе жылі майстры болып чым шасці- дзесяці спецыяльнасцей: ганчары, бондары, шаўцы, краўцы, замочнікі, ткачы, меднікі, гарбары-кажамякі...

Ладзейнікі будавалі ладдзі і стругі. Жарнасекі выштукоўвалі жорны, вастрыльныя брускі, каменныя крыжыкі. Касцярэзы рабілі грабяні, накладкі да калчаноў-тулаў, гузікі, фігуркі для шахматаў, папулярных і ў знаці, і ў простых гараджан. Ювелірныя майстэрні забяспечвалі жан- чын упрыгожваннямі - бранзалетамі, пярсцёнкамі, скроневымі кольца­ми Жонкі і дочкі рамеснікаў любілі насіць сінія, блакітныя, зялёныя, чорныя бранзалеты са шкла. Шыі палачанак часта аздаблялі бурштынавыя пацеркі, што, як верылі, спрыяла здароўю і дапамагала ад бяссоння.

3 асаблівай павагай і князь з дружынай, і просты люд ставіліся да збройнікаў. Мячы (кошт аднаго быў прыблізна роўны кошту каня) мелі такую вастрыню, што імі галіліся. У зробленай броннікамі кальчузе колькасць жалезных кольцаў часам даходзіла да 60 тысяч. Ішла слава пра полацкіх майстроў-лучнікаў. На блізкай адлегласці ад стралы са сталёвым зрэзнем не ратавалі ні шчыты, ні кальчугі, ні панцыр. Нават праляцеўшы сотню метраў, такая страла лёгка прабівала дубовую дошку таўшчынёй з палец.

Лук даставаў крокаў на 300-350. 3 ім паляўнічыя смела хадзілі на буйнога звера, а мімаходзь маглі «зрэзаць» качку або чаплю. Паляванне служыла гараджанам не забаваю, а было важнай часткай гаспадаркі. Яно падзялялася на мясное (на зуброў, ласёў, аленяў, мядзведзяў, лебядзяў, гусей, цецерукоў) і футравае (на баброў, лісіц, вавёрак, ваўкоў, собаляў, куніц). Пра багацце полацкіх лясоў у часы князя Усяслава можна меркаваць па тым, што яшчэ ў XVI стагоддзі собалі на гарадскім рынку прадаваліся вязкамі па 40 штук, а гарнастаі - па 250.

Частка жыхароў Полацка кармілася з рыбарства. Рыбу лавілі нератам, брадніком, на кручок, білі восцямі. У прыгарадных лясах гараджане ставілі борці. 3 калоды ў добры год бралі некалькі карчагаў мёду. Галоўнымі канкурэнтамі пчаляроў былі мядзведзі, якія ведалі борці не горш, чым гаспадары.

Старажытныя палачане аралі вакол горада зямлю, сеялі жыта, ячмень, пшаніцу, авёс, грэчку, гарох, лён. На гародах тысячу гадоў таму раслі капуста і рэпа, боб і мак, цыбуля, часнок, кроп. Продкам вядомы быў смак салёнага агурка і расолу. Увесну ў Полацку зацвіталі яблыневыя і вішнёвыя сады. У хлеўчыках рохкалі парсючкі, білі ў драўляныя даёнкі вострыя струменьчыкі сырадою, бляялі авечкі і мэкалі козы.

Апрача хлеба, розных каш і мясных страваў, на стол, найперш у святочныя дні, падаваліся ласункі: мядовыя каўрыжкі, пернікі з макам, пірагі з самай рознай начынкай - ад заечыны да мядзведзіны. Па застоліцы хадзілі ёмістыя чары варанага перабрадзілага мёду. Пілі так- сама мёд, настоены на перцы, прывезенае з поўдня вінаграднае віно, ячменнае піва і квас. Сёмую чару хмельнага зелля называлі «богагнявіцельнай», бо лічылася, што пасля яе чалавекам завалодваюць нячысцікі.

Горад любіў і ўмеў гандляваць. Кіеўскія купцы прывозілі ў Полацк шкляныя вырабы, белы гліняны посуд з зялёнай палівай, а таксама чарнаморскія тавары: віно, аліўкавы алей, амфары. Багатыя гараджане спыняліся каля прылаўкаў з візантыйскімі квяцістымі тканінамі, з усходнімі прыправамі і тонкімі шклянымі келіхамі. Чулася па рынку і нямецкая гаворка. 3 Заходняй Еўропы рамеснікі атрымлівалі волава, медзь і цыну. Першае месца ў полацкім імпарце некалькі стагоддзяў займала соль, у экспарце - воск і футра.

Акрамя дачкі, дзякуючы якой у жылах візантыйскіх імператараў бегла крывіцкая кроў, Чарадзей меў шасцёра сыноў: Барыса-Рагвалода, Давыда, Глеба, Рамана, Святаслава-Георгія і Расціслава. (Падвойныя імёны - тагачасная полацкая традыцыя: адно было спрадвечна славянскае, другое, пераважна грэчаскае, давалі пасля хрышчэння).

Пра князя Барыса Усяславіча сённяшнім палачанам і турыстам нагадвае чырванаваты валун побач з Сафійскім саборам. На ім паабапал шасціканцовага крыжа можна разабраць высечаны надпіс: «ХС. Ніка. Гі (Госпадзі) помозі рабю своему Борісу». Не ўсе ўжо і памятаюць, што з’явіўся валун на Верхнім замку ўсяго пару дзесяткаў гадоў таму, а датуль амаль дзевяць стагоддзяў ляжаў у рэчышчы Дзвіны паблізу сучаснага Наваполацка. Гэты Барысаў камень - не адзіны, у розных месцах былога Полацкага княства захавалася яшчэ некалькі. Адны гісторыкі мяркуюць, што да прыняцця хрысціянства камяні былі паганскімі святынямі і, высякаючы на іх крыжы, полацкі валадар змагаўся супроць старой веры, а адначасова і ўвекавечваў сваё імя. Другія лічаць, што гэтыя валуны - напамін пра паходы полацкага князя, які прасіў ва Усявышняга перамогі над ворагамі. А мы можам пакласці на крыж, высечаны далёкімі продкамі, руку і загадаць запаветнае жаданне.

«Барысаў камень» на Верхнім замку ў Полацку. Калісьці продкі пакінулі на гэтым валуне свой зварот да Бога. Сёння тут таксама можа папрасіць дапамогі ва Усявышняга

Яндекс.Метрика