Сайт о Городе и для Города

02. Няскораная Рагнеда

Просмотров: 720
О ГородеАд Полацка пачаўся свет

Уладзiмір Арлоў  ”Ад Полацка пачаўся Свет”


У саюзе з Полацкім княствам былі зацікаўленыя і Кіеў, і Ноўгарад, але лепшыя шанцы атрымліваў, вядома, той, хто ўзяў бы шлюб з Рагвалодавай дачкой Рагнедай.

Недзе каля 980 года ў Полацк прыехалі сваты ад кіеўскага князя Яраполка. Рагвалод справядліва расцаніў гэта як прызнанне сілы Полацкай зямлі і вырашыў пайсці на збліжэнне з Кіевам. Па бацькавай волі юная Рагнеда дала кіеўскім гасцям згоду і пачала рыхтавацца да вяселля. Магла б віраваць над Палатой шматгалосая бяседа з хмельным мёдам і заморскім віном, з песнямі гусляроў і прысягамі на ўзаемную вернасць. Але гісторыя разважыла па-свойму: не віно лілося на Рагне- дзіным вяселлі, а кроў...

Неспадзявана ў сталіцу крывіцкай дзяржавы заявіліся новыя сваты - ад ноўгарадскага князя Уладзіміра.

Вось што апавядае пра тыя падзеі летапіс: «Запытаўся ў дачкі Рагвалод: «Ці хочаш за Уладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуці рабыніча, а Яраполка хачу». Паводле звычаю, маладая жонка перад першай шлюбнай ноччу здымала з мужавых ног абутак. «Не хачу разуці» - старажытная форма адмовы сватам. Аднак полацкая князёўна не проста адмовіла, але і нагадала, што маці Уладзіміра была рабыняй, а такі бязродны ёй не трэба.

У адказ Уладзімір сабраў вялізнае войска і рушыў на Полацк.

3 ім ішла варажская дружына, якой князь паабяцаў усіх жанчын і грыўню срэбра з кожнага захопленага двара. Ноўгарадцы напалі раптоўна, і полацкі князь не паспеў сабраць усе свае сілы. Нашы продкі былі разбітыя, а Полацк захоплены і разрабаваны. «I паланілі Рагвалода, -  піша летапісец, - і жонку яго і дачку. I прыгадалі Рагнедзе, як назвала князя рабынічам... Пасля ж Уладзімір забіў бацьку яе, а самую ўзяў за жонку. I назвалі Рагнеду Гарыславаю». На вачах у ганарлівай полацкай князёўны правадыр чужынцаў пазбавіў жыцця таксама двух яе братоў і маці, вынішчыў увесь род.

Можа, якраз у тыя чорныя дні нехта з багатых палачан ці давераны чалавек самога князя Рагвалода закапаў у зямлю скарб, што ў 1972 годзе знайшлі на свежаўзараным полі хлапчукі з прыгараднай полацкай вёскі Каз’янкі - 7650 срэбных арабскіх манет агульнай вагой 20 кг. (Цяпер ён захоўваецца ў Полацкім краязнаўчым музеі). 3 тых далёкіх часоў Беларусь, а на беларускай зямлі Полаччына, па колькасці знойдзеных скарбаў трымае ці не першае месца ў Еўропе. У горадзе і вакол яго ўжо адкрытыя болей за трыццаць старажытных скарбаў, і можна толькі здагадвацца, колькі яшчэ тояцца проста пад нашымі нагамі. Вось толькі прычына ў гэтага лідарства сумная: хаваць багацце змушалі продкаў вогненныя віхуры бясконцых войнаў.

Усё жыццё Рагнеда не магла забыць свайго «вяселля». Аднойчы, ужо калі Уладзімір Святаславіч быў кіеўскім князем, яна наважылася паквітацца за родных і ўсю паняволеную зямлю. Але князь прадухіліў удар мяча. На абарону маці, якую Уладзімір хацеў пакараць смерцю, стаў са зброяй у руках юны князевіч Ізяслаў.

Непакорлівую палачанку разам з сынам выслалі на бацькаўшчыну. Князь Уладзімір загадаў пабудаваць для іх горад, які назваў сынавым імем - Ізяслаўль (цяперашняе Заслаўе пад Мінскам). Там у 1000 г. і закончыўся зямны шлях вялікай княгіні Рагнеды. У той час Ізяслаў ужо княжыў у Полацку, які аднаўляў сваю незалежнасць. Дзякуючы Рагнедзе захавалася княская дынастыя Рагвалодавічаў, прадстаўнікі якой кіравалі полацкай зямлёй у Х-ХІІІ стагоддзях.

А цяпер давайце ўявім, што ў тую ноч, калі Рагнеда ўзяла ў рукі меч, ёй не хапіла б мужнасці. У выніку яна з сынам не вярнулася б на радзіму. Ізяслаў не стаў бы полацкім князем, і княства не адваявала б сабе незалежнасць... У такім разе ці была б сёння на карце свету краіна з назваю Беларусь?

© Уладзiмір Арлоў  ”Ад Полацка пачаўся Свет”


Яндекс.Метрика